Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922954_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 23:03
02.10.2017 17:21 Палітыка, Эканоміка

У Мінску ўпершыню пройдзе канферэнцыя ганаровых консулаў Беларусі

Мінск, 2 кастрычніка. 3—6 кастрычніка ў Мінску пройдзе першая канферэнцыя ганаровых консулаў Рэспублікі Беларусь, паведамляе прэс-служба МЗС.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, цяпер 80 беларускіх ганаровых консулаў прадстаўляюць і абараняюць правы і інтарэсы грамадзян краіны ў 56 дзяржавах. У кола іх абавязкаў таксама ўваходзіць спрыянне развіццю дружалюбных адносін, пашырэнню палітычных, гандлёва-эканамічных, інвестыцыйных, культурных, навуковых і іншых сувязяў з замежнымі краінамі.

"Консульскія акругі ганаровых консулаў Беларусі, як правіла, уключаюць у сябе прамысловыя і фінансавыя цэнтры, а самі ганаровыя консулы карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам ў палітычных і дзелавых колах", — адзначылі ў прэс-службе МЗС.

Як растлумачылі ў ведамстве, канферэнцыя праводзіцца для таго, каб ацаніць вынікі дзейнасці ганаровых консулаў, абмеркаваць перспектыўныя напрамкі іх работы па абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Асаблівы акцэнт мяркуецца зрабіць на сферы знешняга гандлю і прыцягненні замежных інвестыцый.

У межах канферэнцыі адбудуцца сустрэчы ганаровых консулаў з кіраўніцтвам урада Беларусі, міністэрстваў і ведамстваў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Яны наведаюць кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", ААТ "БелАЗ", агракамбінат "Дзяржынскі". Эфектыўнасці работы ганаровых консулаў па распаўсюджванні інфармацыі пра Беларусь, развіццю культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва закліканыя спрыяць знаёмства з экспазіцыяй Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльнага комплексу "Курган Славы", Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускага дзяржаўнага цырка, паведамляе прэс-служба МЗС.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239