Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/922960_12345/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:43
02.10.2017 20:21 Палітыка, Грамадства

МЗС Расіі рэкамендуе пры планаванні паездак у Беларусь "ацэньваць рызыкі магчымага затрымання або арышту", калі чалавек знаходзіцца ў міжнародным вышуку

Мінск, 2 кастрычніка. Міністэрства замежных спраў Расіі рэкамендуе пры планаванні паездак у Беларусь "ацэньваць рызыкі магчымага затрымання або арышту", калі чалавек знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Пра гэта гаворыцца ў адказе МЗС Расіі, які атрымаў знаёмы блогера Аляксандра Лапшына. Копію адказу Лапшын выклаў у сябе ў "Жывым журнале".

Знаёмы Лапшына пасля экстрадыцыі блогера ў пачатку лютага гэтага года з Беларусі ў Азербайджан звярнуўся ў расійскае МЗС з пытаннем, наколькі бяспечна расіяніну наведваць Беларусь, якая з'яўляецца часткай Саюзнай дзяржавы.

У адказе МЗС гаворыцца: "Нягледзячы на тое што Расія і Беларусь з'яўляюцца ўдзельнікамі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, неабходна мець на ўвазе, што ў выпадку знаходжання расійскага грамадзяніна ў міжнародным вышуку па запыце замежнай дзяржавы за ўчыненне крымінальна каральнага злачынства, такі грамадзянін можа быць затрыманы на тэрыторыі Беларусі і ўзяты пад варту для далейшай выдачы".

"З улікам названых абставін рэкамендавалі б пры планаванні паездак у Беларусь ацэньваць рызыкі магчымага затрымання або арышту на яе тэрыторыі, асабліва калі ёсць падставы меркаваць наяўнасць крымінальнага пераследу з боку якой-небудзь замежнай дзяржавы", — гаворыцца ў адказе.

У сярэдзіне верасня пра небяспечнасць паездак у Беларусь заявіў у інтэрв'ю агенцтву Укринформ і ўкраінскі міністр замежных спраў Павел Клімкін: "Пасля таго як Павел Грыб знік з тэрыторыі Беларусі, мы павінны гаварыць пра небяспеку знаходжання ўкраінскіх грамадзян не толькі на расійскай тэрыторыі. <...> Цяпер у нас стварылася сітуацыя, калі мы бачым, што расійскія спецслужбы дзейнічаюць таксама на тэрыторыі Беларусі, і я лічу, што ўкраінскія грамадзяне павінны браць пад увагу, якім чынам ездзіць туды".

Пра знікненне 19-гадовага Паўла Грыба заявіў 28 жніўня ягоны бацька, член грамадскага савета Дзяржпамежслужбы Украіны Ігар Грыб. Паводле яго інфармацыі, 24 жнiуня Павел адправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расіі.

Павел Грыб планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не здарылася, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з'яўляецца ФСБ Расіі па Краснадарскім краі (горад Сочы). 7 верасня афіцыйны прадстаўнік дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч паведаміў, што Павел Грыб знаходзіцца ў Расіі, у Краснадарскім СІЗА.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН