Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/02/eu_eu_922843_123456/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 05:42
02.10.2017 11:16 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка: Паслядоўная і прагматычная палітыка дапамагла нам нармалізаваць і ўмацаваць адносіны з заходнімі краінамі

Мінск, 2 кастрычніка. Беларусь і заходнія краіны будуюць новую платформу супрацоўніцтва на аснове ўзаемапавагі і балансу інтарэсаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 2 кастрычніка даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

"Менавіта паслядоўная і прагматычная палітыка дапамагла нам нармалізаваць і ўмацаваць адносіны з заходнімі краінамі. Мы змаглі пераадолець рознагалоссі і зараз будуем новую платформу супрацоўніцтва на аснове ўзаемапавагі і балансу інтарэсаў", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

Ён падкрэсліў, што Беларусь — міралюбівая, стабільная і бяспечная дзяржава, адсутнасць жа міжканфесійных і міжэтнічных канфліктаў — галоўная канкурэнтная перавага краіны на сусветнай эканамічнай і палітычнай арэне.

"У дыялогу са сваімі партнёрамі Беларусь заўсёды прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, сумленнасці, раўнапраўя і справядлівасці. Цяпер, калі сітуацыя ў свеце далёкая ад спакойнай, гэтыя падыходы асабліва каштоўныя", — лічыць афіцыйны лідар.

"Сёння, — падкрэсліў ён, — неабходна будаваць і ўмацоўваць масты — палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя — паміж краінамі і рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі як на Захадзе, так і на Усходзе; шукаць як мага больш агульных поглядаў, якія будуць аб'ядноўваць краіны і народы".

На думку Лукашэнкі, за беларускай сталіцай трывала замацаваўся статус эфектыўнай перамоўнай пляцоўкі, і не толькі па ўкраінскай праблематыцы. У 2017 годзе, адзначыў ён, Мінск прымаў два важныя міжнародныя форумы: сустрэчу міністраў замежных спраў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, дзе Беларусь упершыню старшынствуе, і сесію Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

"На гэтай сесіі, а затым і з трыбуны Генасамблеі ААН наша краіна выступіла з ініцыятывай аб запуску пад эгідай АБСЕ шырокай дыскусіі аб новым Хельсінскім працэсе, закліканым развязаць вузлы супярэчнасцяў паміж дзяржавамі на прасторы Еўра-Атлантыкі і Еўразіі. Мы зацікаўлены ў тым, каб праект "Хельсінкі-2" адбыўся. Перакананы, што і вы, паважаныя паслы, зможаце ўнесці свой уклад у стварэнне групы дзяржаў-аднадумцаў па прасоўванні і рэалізацыі гэтай актуальнай ініцыятывы", — заявіў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН