Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/03/923071_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:14
03.10.2017 11:01 Грамадства

ДТСААФ закупіла найноўшы амерыканскі верталёт Robinson для развіцця верталётнага спорту і аказання паслуг насельніцтву

Мінск, 3 кастрычніка. ДТСААФ Беларусі закупіла найноўшы амерыканскі верталёт Robinson-44 Raven II з інжэктарным рухавіком, паведаміў БелаПАН начальнік прэс-цэнтра ДТСААФ Андрэй Дроб.

Паводле яго слоў, верталёт такога тыпу — адзіны ў Беларусі. Некалькі машын менш магутных, з карбюратарнымі рухавікамі, маецца ў прыватных структур.

Тэставыя аблёты новага верталёта праведзеныя. Яго прэзентацыя намечаная на 5 кастрычніка ў Мінскім аэраклубе ДТСААФ (на аэрадроме Ліпкі).

Robinson-44 Raven II набыты ў межах Дзяржаўнай праграмы развіцця ДТСААФ на 2014—2018 гады, у першую чаргу для далейшага развіцця верталётнага спорту ў краіне і аказання паслуг насельніцтву.

Верталёт увойдзе ў склад будучага авіяцыйна-вучэбнага цэнтра, які ствараецца на базе Мінскага аэраклуба ДТСААФ і Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў ДТСААФ. Плануецца, што гэты навучальны цэнтр будзе аказваць платныя паслугі па падрыхтоўцы авіяцыйных спецыялістаў лёгкіх, звышлёгкіх і беспілотных лятальных апаратаў.

Новы верталёт практычна па ўсіх параметрах пераўзыходзіць верталёты Мі-2, якімі цяпер укамплектаваныя аэраклубы ДТСААФ. Так, расход паліва Мі-2 складае 225 кг/гадз, а Robinson-44 Raven II — 40, міжрамонтны рэсурс Мі-2 — 1.500 гадзін, а Robinson-44 Raven II — 2.200 гадзін, міжрамонтны тэрмін службы ў Мі-2 — 6 гадоў, а ў Robinson-44 Raven II — 12 гадоў.

Беларускія спартсмены на верталёце Robinson-44 Raven II возьмуць удзел у чэмпіянаце свету па верталётным спорце, які пройдзе ў Мінскім аэраклубе ДТСААФ у 2018 годзе. Дзякуючы магутнаму поршневаму інжэктарнаму рухавіку верталёт зможа мець пэўную перавагу ў спаборніцтвах. У першую чаргу, гэта дасягаецца дзякуючы высокай прыёмистасці рухавіка.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН