Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/03/923102_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 03:38
03.10.2017 12:56 Грамадства

Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса абмяркоўваецца на нарадзе ў Лукашэнкі

Мінск, 3 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка праводзіць нараду па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні пустых і старых дамоў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Гэтая тэма закранае інтарэсы практычна ўсіх жыхароў краіны, заявіў Лукашэнка. "Рашэнне кватэрнага пытання — адзін з асноўных індыкатараў развіцця грамадства, — сказаў ён. — Жыллё — не проста сцены і дах над галавой, гэта месца, дзе чалавек, прыйшоўшы з працы, можа адпачыць, пабыць з сям'ёй ва ўтульнай і камфортнай абстаноўцы. Самае галоўнае — выхаванне дзяцей".

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі неабходныя прапанаваныя ў кодэкс змены. "Першае пытанне — навошта? Ці трэба, ці надышоў час, што перашкаджае працаваць старым нарматыўным прававым актам, якія рэгулююць гэтыя адносіны? Ці трэба нам сёння ўрывацца ў Жыллёвы кодэкс і выкладаць яго ў новай рэдакцыі? Гэта галоўнае пытанне, на якое трэба адказаць", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, дапамога грамадзянам у паляпшэннi жыллёвых умоў заўсёды будзе ў ліку прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. "Мы павінны стварыць усе ўмовы і механізмы, каб дапамагчы людзям, якія жывуць у нястачы, перш за ўсё, у паляпшэннi жыллёвых умоў. Гэты напрамак — найважнейшы складнік сацыяльнай палітыкі Беларусі. Думаю, яна застанецца назаўсёды", — сказаў прэзідэнт.

Падчас нарады Лукашэнка даручыў праверыць выкананне тэрмінаў будаўніцтва аб'ектаў па заключаных інвестыцыйных дагаворах. "Мы сёння падштурхоўваем рознага роду грамадзян і інвестараў да будаўніцтва. Вы ведаеце мае патрабаванні, яны ўжо ў заканадаўчых актах, мабыць, вызначаныя. Калі не, Міцкевіч (Валерый Міцкевіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — БелаПАН.) праінфармуе. Ёсць жалезабетонныя тэрміны, якія ў інвестыцыйных дагаворах пазначаныя. І для грамадзян. У хуткім часе, пачынаючы з Мінска, мы праверым, як выконваюцца гэтыя тэрміны. Але нават там, дзе я бачу кожны дзень, — гэта называецца "жудасць". Замест двух — пяць гадоў. Стаяць закінутыя, парослыя быллём у гарадзе-героі Мінску будынкі і памяшканні, на якія ўвагу начальнікаў я ўжо звяртаў", — адзначыў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што раней ужо была дасягнутая дамоўленасць аб уцягванні ў абарот рознай уласнасці, у прыватнасці незавершанага будаўніцтва. "Нават там, дзе я езджу штодзень, ужо трэці губернатар спрабуе паказаць, як ідзе праца. Але працы гэтай няма", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады часам не могуць самі вызначыцца, што рабіць з падобнымі аб'ектамі. "І гэта ў Мінску фактычна. Няўжо на ўласнасць, памяшканні і іншае задаволілі попыт, што бясплатна нават не хочуць узяць? Тады нам трэба гэтым займацца", — заявіў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239