Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/03/923217_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:38
03.10.2017 19:44 Палітыка, Грамадства

Журналістаў Лунёву і Краўчука аштрафавалі на 690 рублёў кожнага за працу на "Белсат" без акрэдытацыі

Мінск, 3 кастрычніка. Журналісты польскага тэлеканала для Беларусі "Белсат" Любоў Лунёва і Зміцер Краўчук аштрафаваныя на 690 рублёў кожны за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. Такое рашэнне 3 кастрычніка ў судзе Заводскага раёна Мінска прыняла суддзя Вера Галаўкова, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Адміністрацыйны пратакол па арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ — незаконны выраб медыяпрадукцыі) на журналістаў склалі 19 верасня за падрыхтаваны ў канцы жніўня сюжэт пра закрыццё школы ў сталічным мікрараёне Шабаны.

Карэспандэнты "Белсата" сваю віну не прызналі. Краўчук заявіў, што ў яго ёсць акрэдытацыя МЗС, таму ён нічога не парушыў.

Лунёва паведаміла суддзі, што зняць сюжэт пра закрыццё "адной з лепшых школ у перанаселеным мікрараёне" журналістаў запрасілі бацькі вучняў. Яна адзначыла, што падчас падрыхтоўкі матэрыялу звярнулася па каментарый да начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Людмілы Ляхновіч, папярэдзіўшы аб сваёй прыналежнасці да "Белсата". Ляхновіч, якая выступіла ў судзе ў якасці сведкі, пацвердзіла яе словы і дадала, што ў сюжэце тэлеканала не было скажэння інфармацыі.

Лунёва падрабязна расказала суддзі аб фактах пераследу журналістаў "Белсата" за апошні год, а таксама аб пастаянных адмовах беларускага МЗС у выдачы акрэдытацыі супрацоўнікам тэлеканала.

Яна заявіла хадайніцтва аб тым, каб суд Заводскага раёна Мінска звярнуўся з яе справай ў Канстытуцыйны суд у сувязі з заканадаўчымі супярэчнасцямі. У прыватнасці, яна ўказала на тое, што ў Беларусі забараняюць супрацоўнічаць з замежным СМІ без акрэдытацыі, аднак Канстытуцыя гарантуе грамадзяніну права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Суддзя адхіліла гэтае хадайніцтва.

За супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат" 3 кастрычніка таксама быў пакараны журналіст-фрылансер Канстанцін Жукоўскі. Суддзя суда Гомельскага раёна Тамара Застаўнецкая аштрафавала яе на 1.150 рублёў.

З пачатку 2017 года Жукоўскі не менш за дзесяць разоў прызнаваўся вінаватым па гэтым артыкуле рознымі раённымі судамі Гомельскай вобласці. Агульная сума штрафаў перавысіла дзевяць тысяч рублёў (больш за 4,5 тыс. долараў).
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239