Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/03/eu_eu_923064_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:14
03.10.2017 09:57 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

МЗС: Спрэчка паміж урадамі Іспаніі і Каталоніі павінна вырашацца ў межах іспанскага заканадаўства

Мінск, 3 кастрычніка. Спрэчка паміж урадамі Іспаніі і аўтаномнай правінцыі Каталонія павінна вырашацца мірным шляхам, заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
"У дачыненні да спрэчкі паміж урадам Іспаніі і ўрадам аўтаномнай правінцыі Каталонія Міністэрства замежных спраў зыходзіць з таго, што гэтая спрэчка з'яўляецца выключна унутрыіспанскай справай і павінна вырашацца мірным шляхам у межах заканадаўства Іспаніі", — адзначыў Мірончык.

У нядзелю, 1 кастрычніка, у Каталоніі прайшло галасаванне па пытанні выхаду з складу Іспаніі. Паводле звестак урада Каталоніі, у галасаванні змаглі ўзяць удзел 2,26 млн жыхароў рэгіёна. Усяго ж права голасу маюць 5,31 млн каталонцаў. З тых, хто прагаласаваў, 90% выказаліся за незалежнасць Каталоніі ад Іспаніі.

Мадрыд лічыць гэты рэферэндум нелегітымным, але ў Барселоне яшчэ да галасавання заявілі, што плебісцыт будзе мець для ўладаў законную сілу.

Рэферэндум праходзіў у абстаноўцы вялікай напружанасці. Выконваючы пастановы іспанскага суда, супрацоўнікі нацыянальнай паліцыі і грамадзянскай гвардыі спрабавалі спыніць працу выбарчых участкаў, адбіраючы скрыні для бюлетэняў. Падчас рэферэндуму ў Каталоніі пацярпелі каля 900 чалавек.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239