Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/04/923367_123456/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:47
04.10.2017 18:19 Грамадства, Эканоміка

Дзве буйныя галіновыя канферэнцыі збяруць на Мінскім тыдні інтэрнэту вядучых IT-спецыялістаў

Мінск, 4 кастрычніка. Адразу дзве буйныя галіновыя канферэнцыі збяруць на Мінскім тыдні інтэрнэту вядучых IT-спецыялістаў. ENOG і DNS-форум пройдуць адпаведна 9—10 і 12—13 кастрычніка. На парадку дня — развіццё інтэрнэт-галіны Усходняй Еўропы і Азіі.

Арганізавала Мінскі тыдзень інтэрнэту кампанія hoster.by, якая адказвае за працу беларускіх даменных зон.

Як паведамілі БелаПАН у кампаніі hoster.by, тыдзень інтэрнэту пачнецца з форуму ENOG`14 — пляцоўкі пераважна для тэхнічных спецыялістаў. Форум рэгулярна праводзіцца арганізацыяй RIPE NCC ў розных гарадах Еўропы і Азіі з 2011 года, сёлета выбар быў зроблены на карысць Мінска.

На парадку дня — IPv6, маршрутызацыя, пірынг, уплыў блакаванняў на інтэрнэт-інфраструктуру, IoT (інтэрнэт рэчаў) і многае іншае. Рэгістрацыя адкрыта на афіцыйным сайце канферэнцыі.

Яшчэ больш шырокае кола пытанняў абмяркуюць на Усходнееўрапейскім DNS-форуме, які праводзіць hoster.by сумесна з ICANN. Тут можна будзе абмеркаваць, у якім кірунку развіваецца інтэрнэт. Удзел у форуме ўжо пацвердзілі дырэктар Асацыяцыі інтэрнэту рэчаў Расіі Андрэй Калеснікаў, член праўлення ICANN і кіраўнік Open Source Initiatives ў Nokia Йоне Сойнінен і яшчэ больш за 30 буйных IT-спецыялістаў. Таксама ў Мінск прыедзе расійскі інтэрнэт-амбудсмен Дзмітрый Марынічаў.

"Мы збіраем буйных экспертаў, каб абмеркаваць і кібербяспеку, і блокчэйн, і будучыню інтэрнэту, — адзначыў генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў. — Мы запрашаем усіх пагаварыць пра тое, ці чакае нас новая інтэрнэт-эпоха і што будзе з сістэмай даменных імёнаў . Як незаўважна для вачэй мяняе сетка інтэрнэту рэчаў. Чаму свет больш не будзе ранейшым з прыходам крыптавалют, пра якія ўсе кажуць, але мала хто разумее тыя глыбінныя наступствы, якія нясе з сабой блокчэйн".

На форуме будзе магчымасць задаць пытанні і паразмаўляць у кулуарах з прадстаўнікамі даменных рэестраў Еўропы і Азіі, спецыялістамі па кібербяспецы, юрыстамі, прадпрымальнікамі. Арганізатары абяцаюць сабраць тых, хто ведае працу інтэрнэту знутры, — ад стваральнікаў майнінг-абсталявання да Следчага камітэта Беларусі.

Прыняць удзел у падзеях Мінскага тыдня інтэрнэту, задаць свае пытанні экспертам і паразмаўляць у кулуарах можа любы ахвотны. Абедзве галіновыя канферэнцыі — ENOG і EE DNS Forum — бясплатныя.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239