Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/04/923371_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 08:15
04.10.2017 18:48 Грамадства, Эканоміка

"Гавары праўду" падрыхтуе свае папраўкі ў Жыллёвы кодэкс

Мінск, 4 кастрычніка. Кампанія "Гавары праўду" прыступае да фарміравання сваіх паправак у Жыллёвы кодэкс з мэтай стварэння ўмоў для эфектыўнага кіравання ЖКГ, прыватнага рынку паслуг, магчымасці грамадзян хутка паведамляць аб праблемах і атрымліваць адказ ад улад.

Як паведамілі ў прэс-службе кампаніі, пра гэта было заяўлена 4 кастрычніка на сустрэчы лідараў "Гавары праўду" Андрэя Дзмітрыева і Таццяны Караткевіч з міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандрам Церахавым.

Галоўнымі задачамі сустрэчы былі арганізацыя грамадскіх абмеркаванняў новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса, стварэнне сайта для празрыстай справаздачнасці па фарміраванні тарыфаў і коштаў у сістэме ЖКГ, распаўсюджванне працы сайта 115.бел на ўсю тэрыторыю Беларусі, арганізацыя сістэмы зваротаў грамадзян па праблемах, якая выключае магчымасць адпісак, стварэнне умоў для развіцця рынку прыватных паслуг у сферы ЖКГ.

Як паведамляюць у прэс-службе кампаніі, падчас сустрэчы міністр падтрымаў ідэю стварэння больш прасунутай сістэмы інфармавання аб фарміраванні тарыфаў. Лідары "Гавары праўду" прапанавалі актывізаваць працу грамадска-кансультатыўнага савета і правесці грамадскія абмеркавання, парламенцкія слуханні новай рэдакцыі жыллёвага кодэкса з удзелам грамадзянскай супольнасці. Міністр пацвердзіў, што будуць створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага грамадскага абмеркавання.

Паводле інфармацыі прэс-службы, гарачая дыскусія адбылася аб ролі і месцы прыватнага домакіраўніцтва. На думку міністра, таварыствы ўласнікаў сёння часта завышаюць цэны, робячы тое, што дзяржаўнае ЖКГ робіць танней. Лідары "Гавары праўду" адстойвалі пазіцыю, што сам факт канкурэнцыі паміж дзяржаўнай і прыватнай ЖКГ стварае сітуацыю, у якой дзяржава адміністрацыйнымі метадамі тармозіць развіццё прыватнага сектара і такім чынам перашкаджае сумленнай канкурэнцыі. Трэба, каб дзяржава перастала рабіць бізнэс на ЖКГ, а займалася стварэннем умоў для развіцця прыватнага рынку домакіраўніцтва і кантролем якасці паслуг, адзначылі Караткевіч і Дзмітрыеў на сустрэчы.

У паведамленні "Гавары праўду" адзначаецца, што міністр цалкам падтрымаў ідэю, каб сэрвіс 115.бел працаваў на тэрыторыі ўсёй Беларусі, але зняў з сябе за гэта адказнасць, так як, паводле яго слоў, гэтае пытанне знаходзіцца цалкам у кампетэнцыі мясцовай улады.

"Гавары праўду" ўключыць гэты пункт у праграмы кандыдатаў на мясцовыя выбары, каб у выпадку вырашэння пытання даць права кожнаму грамадзяніну з дапамогай інтэрнэту звяртацца па любой праблеме ЖКГ і адсочваць выкананне. Гэта дазволіць паменшыць колькасць выпадкаў адпісак з боку мясцовых улад і ЖКГ, лічаць у кампаніі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239