Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/05/923270_923271/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:04
05.10.2017 07:05 Грамадства

У Беларусі стартуе Тыдзень супраць смяротнага пакарання

Мінск, 5 кастрычніка. З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі пройдзе традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання.

Арганізатары акцыі прапаноўваюць паглядзець на смяротнае пакаранне шырэй, задумацца над тым, на якія страты яно асуджае грамадства, адзначае праваабарончы сайт spring96.org.

Мерапрыемствы ў рамках тыдня пройдуць у розных гарадах краіны. Так, сёння ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) у кінаклубе "Крытычнае мысленне" запланаваны прагляд і абмеркаванне фільма "Жыццё Дэвіда Гейла", а ў гомельскай арт-прасторы "Каўчэг" пакажуць фільм "Сальвадор".

Публічная дыскусія "Смяротнае пакаранне: за ці супраць" з удзелам прадстаўнікоў закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча пройдзе 6 кастрычніка ў адукацыйнай прасторы PUNKT у Мінску. У той жа дзень у аграсядзібе вёскі Стаўры (Аршанскі раён, Віцебская вобласць) адбудзецца дыскусія "Масавыя рэпрэсіі і смяротнае пакаранне" з удзелам каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды. Удзельнікам дыскусіі будзе паказаны дакументальны фільм "Гісторыя смяротнага пакарання".

7 кастрычніка ў брэсцкім клубе "Фантазія" і 8 кастрычніка — у мінскім RE:PUBLIC пройдуць канцэрты "Рок за жыццё".

9 кастрычніка ў галерэі TUT.BY адбудзецца прэзентацыя інтэрактыўнага сацыяльнага комікса "Мама, гэта я!" з удзелам Андрэя Палуды і спецыялістаў па стварэнні коміксаў.

10 кастрычніка праваабаронцы і актывісты плануюць правесці ў Мінску і рэгіянальных гарадах вулічныя інфармацыйныя акцыі з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання. У гэты ж дзень у Страсбургу (Францыя) адбудзецца канферэнцыя Савета Еўропы "Вяртанне да смяротнага пакарання ў Еўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?", у працы якой возьмуць удзел праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт).

Першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання праводзіўся ў Беларусі ў 2013 годзе.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі адзін з прыгавораных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Еўрасаюз, Савет Еўропы і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі афіцыйны Мінск увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239