Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/05/923465_923466/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:39
05.10.2017 14:37 Эканоміка, Палітыка

Кабякоў: Беларусь ужо пачала рэалізацыю новай для сябе стратэгіі планамернай дыверсіфікацыі знешняга гандлю

Мінск, 5 кастрычніка. Беларусь бесперапынна вядзе пошук новых магчымасцяў для эканамічнага росту, новых партнёраў і працягвае пашыраць супрацоўніцтва з вядучымі дзяржавамі "далёкай дугі" на ўсіх кантынентах. Пра гэта заявіў 5 кастрычніка прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у Міністэрстве замежных спраў, дзе прайшла яго сустрэча з ганаровымі консуламі Беларусі.

"Беларусь ужо пачала рэалізацыю новай для сябе стратэгіі па забеспячэнні планамернай дыверсіфікацыі знешняга гандлю. Прычым, ажыццяўляючы дыверсіфікацыю экспарту, мы будзем рабіць гэта без шкоды для нашых пазіцый на традыцыйных рынках", — прыводзіць словы Кабякова прэс-служба МЗС.

Прэм'ер-міністр звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ў вырашэнні пастаўленых перад краінай задач веды, дзелавыя навыкі і вопыт ганаровых консулаў могуць адыграць асаблівую ролю. "У справе пашырэння ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння і кааперацыі нам патрэбныя аднадумцы і надзейныя партнёры, асабліва гэта тычыцца новых рынкаў, краін "далёкай дугі". Калі ў вас ёсць перспектыўная ідэя, праект, вы бачыце новыя магчымасці для экспарту беларускіх тавараў і паслуг, прыцягнення замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі альбо развіцця вытворчай кааперацыі з буйнымі замежнымі кампаніямі, найвышэйшую ацэнку і падтрымку кіраўніцтва ўрада я вам гарантую", — падкрэсліў Кабякоў.

Сустрэча з прэм'ер-міністрам з'яўляецца ключавым элементам праграмы канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі, якая праходзіць 3—6 кастрычніка ў Мінску. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, кіраўнікі шэрагу структурных падраздзяленняў МЗС і апарату Савета міністраў.

Разгледжаны вынікі дзейнасці ганаровых консулаў, абмеркаваны перспектыўныя кірункі іх працы па прасоўванні нацыянальных інтарэсаў Беларусі за мяжой з акцэнтам на пашырэнне гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва нашай краіны з замежнымі партнёрамі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН