Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/05/923525_923526/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:45
05.10.2017 16:37 Палітыка, Грамадства

У снежні "Вясна" стане членам Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання

Мінск, 5 кастрычніка. У снежні гэтага года пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр "Вясна" стане членам Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання, паведаміў БелаПАН старшыня цэнтра Алесь Бяляцкі.

"Заяву аб уступленні мы падалі летам гэтага года. Рашэнне па ўступленні практычна прынята, у снежні яно будзе афіцыйна пацверджана", — сказаў Бяляцкі.

Паводле яго слоў, аб'яднанне намаганняў з актывістамі глабальнага абаліцыянісцкага руху з'яўляецца чарговым крокам беларускіх праваабаронцаў на шляху да спынення смяротнай кары ў сваёй краіне. "Разам з тым Беларусь абазначылася на карце свету як месца, дзе расстрэльныя прысуды нярэдка выносяцца прадстаўнікам найбольш уразлівых груп насельніцтва", — адзначыў кіраўнік цэнтра.

Ён паведаміў, што ўзаемадзеянне "Вясны" з Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання наладжвалася пры пасярэдніцтве FIDH (Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека) дзякуючы правядзенню кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Эксперты і актывісты кампаніі тройчы прымалі ўдзел у Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання: у Жэневе ў 2010 годзе, у Мадрыдзе ў 2013-м і ў Осла ў 2016-м. У сваю чаргу прадстаўнікі кааліцыі неаднаразова сустракаліся з праваабаронцамі "Вясны" як у Еўропе, так і ў Беларусі.

У кастрычніку мінулага года Мінск наведала першы прэзідэнт кааліцыі Фларанс Беліўе, якая адзначыла, што ў "Вясны" і кааліцыі вельмі падобныя падыходы ў працы, і якая выказала ідэю аб уступленні праваабарончага цэнтра ў сусветны альянс абаліцыяністаў.

"Уступленне праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Сусветную кааліцыю супраць смяротнай кары ўзмацняе хор галасоў пратэсту супраць пакаранняў смерцю ў Беларусі і выносіць гэтую праблему на міжнародны ўзровень. Мы разам з мільёнам актывістаў з усіх кантынентаў змагаемся за тое, каб свет канчаткова развітаўся са смяротным пакараннем і дзякуючы гэтаму стаў больш міласэрным і лепшым", — сказаў Бяляцкі.

Ён адзначыў, што ўжо пяты год запар ПЦ "Вясна" праводзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання, прымеркаваны да 10 кастрычніка — Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, заснаванага кааліцыяй. Тэма дня сёлета — беднасць. Асноўная яго мэта — падняць праблему дыскрымінацыйнага падыходу пры прымяненні смяротнага пакарання, часта — у дачыненні да бедных слаёў насельніцтва.

"Прымяненне смяротнай кары непарыўна звязана з праблемай галечы. Сацыяльна-эканамічнае няроўнасць непасрэдна ўплывае на доступ да правасуддзя ў дачыненні да тых, хто прыгавораны да пакарання смерцю. Абвінавачваныя могуць адчуваць недахоп сродкаў для ўласнай абароны (не толькі ў плане сацыяльна-эканамічных рэсурсаў, але і у плане палітычнай улады), а ў некаторых выпадках яны зведваюць дыскрымінацыю з-за свайго сацыяльнага статусу", — гаворыцца ў прэс-рэлізе кааліцыі з нагоды 15-га Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання.

"Праваабарончаму цэнтру "Вясна" за гады працы па справах прыгавораных да расстрэлаў у Беларусі не аднойчы даводзілася сутыкацца з пералічанымі сітуацыямі. Многія з асуджаных на смерць, па чыіх справах мы працавалі, прадстаўлялі самыя нізкія сацыяльныя пласты насельніцтва, — адзначыў эксперт кампаніі супраць смяротнага пакарання Валянцін Стэфановіч. — Вядома, у Беларусі не так ярка выяўлена сацыяльнае расслаенне, як, напрыклад, у Паўднёвай Амерыцы ці ў Афрыцы, тым не менш у кантэксце смяротнага пакарання мы назіраем гэту з'яву".

ПЦ "Вясна" працягвае заклікаць улады да ўвядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў "у якасці першага кроку на шляху да поўнай адмены гэтага антыгуманнага віду пакарання і выкарыстоўвае ўсе даступныя сродкі для падтрымання ўвагі да гэтага пытання як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні".

Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання аб'ядноўвае больш за 150 грамадскіх арганізацый, асацыяцый адвакатаў, мясцовых органаў улады і прафсаюзаў, дзейнічаючы з мэтай умацавання міжнароднага аспекту барацьбы супраць смяротнага пакарання і прыкладаючы намаганні для падтрымання тэндэнцыі да яго адмены па ўсім свеце. Дзве траціны краін свету (141) з'яўляюцца краінамі-абаліцыяністамі як заканадаўча, так і на практыцы. Кааліцыя заклікае да канчатковага спынення смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю ў тых краінах, дзе смяротнае пакаранне па-ранейшаму прымяняецца. Да дасягнення сваёй мэты кааліцыя імкнецца шляхам аказання падтрымкі членскім арганізацыям, мясцовым, нацыянальным і рэгіянальным абаліцыянісцкім сілам, а таксама шляхам каардынацыі міжнароднай адвакацыі ў кірунку глабальнай адмены смяротнага пакарання.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН