Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/05/923565_123456/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:33
05.10.2017 18:37 Грамадства

Пры МНС створаны Цэнтр па ядзернай і радыяцыйнай бяспекі

Мінск, 5 кастрычніка. У структуры МНС створана дзяржаўная навуковая тэхнічная ўстанова "Цэнтр па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы", якая будзе ажыццяўляць пастаянную незалежную навукова-тэхнічную падтрымку нагляднага органа. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта ад 5 кастрычніка № 361 "Аб стварэнні ўстановы".

"Наяўнасць такой установы з'яўляецца неад'емнай і абавязковай часткай рэгулюючай інфраструктуры краіны, якая развівае ядзерную энергетыку, і адпавядае рэкамендацыям МАГАТЭ", — адзначае прэс-служба прэзідэнта.

Цэнтр будзе каардынаваць дзейнасць навукова-тэхнічных экспертаў пры правядзенні ацэнак бяспекі аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі і крыніц іанізуючага выпраменьвання, а таксама ўдзельнічаць у правядзенні экспертызы бяспекі ядзерных аб'ектаў.

Асноўнымі напрамкамі работы новай установы з'яўляюцца правядзенне навукова абгрунтаванага аналізу ядзернай і радыяцыйнай бяспекі; вывучэнне ўплыву розных фактараў, у тым ліку прыродных і тэхнагенных, на надзейнасць будаўнічых канструкцый і кампанентаў аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі; навукова абгрунтаваны аналіз рызык; правядзенне ацэнкі эфектыўнасці радыяцыйнай абароны персаналу, які працуе з ядзернымі матэрыяламі і крыніцамі іанізуючага выпраменьвання.

У ліку іншых напрамкаў дзейнасці — ацэнка бяспекі пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і ядзернымі матэрыяламі; аказанне падтрымкі прыняццю рашэнняў па пытаннях аварыйнай гатоўнасці і рэагавання; падрыхтоўка і суправаджэнне міжнародных навуковых праграм; правядзенне навуковых даследаванняў у галiне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.

У 2019 годзе чакаецца ўвод першага блока Беларускай АЭС (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). Праект крытыкуецца часткай айчынных навукоўцаў, а сярод замежных краін найбольшую заклапочанасць выказвае Літва.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН