Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/06/923700_923701/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:16
06.10.2017 17:02 Палітыка, Эканоміка

Макей: Пакуль у заходняй грамадскай думцы дамінуе негатыўная ці не вельмі аб'ектыўная інфармацыя пра Беларусь

Мінск, 6 кастрычніка. Грамадская думка на Захадзе наконт сітуацыі ў Беларусі ў большай ступені негатыўная і неаб'ектыўная, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 6 кастрычніка на закрыцці першай канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі.

"Пакуль, як нам здаецца, у заходняй грамадскай думцы дамінуе, на жаль, негатыўная ці не вельмі аб'ектыўная інфармацыя пра Беларусь", — цытуе міністра сайт МЗС.

"Трэба прыкласці шмат сіл і патрабуецца шмат часу, каб гэтую карціну змяніць. Я спадзяюся, што з вашай дапамогай мы гэта зробім", — сказаў ён удзельнікам канферэнцыі.

Макей адзначыў, што ганаровыя консулы з'яўляюцца "крыніцай эксклюзіўнай інфармацыі пра сапраўдны стан спраў" у сваіх краінах. "Вы адначасова — нашы рупары за мяжой, эфектыўныя каналы рэтрансляцыі аб'ектыўнай інфармацыі пра Беларусь, — сказаў ён. — Я хацеў бы падкрэсліць — аб'ектыўнай інфармацыі, паколькі часам дастаткова правільна данесці да ангажаванага альбо проста абыякавага суразмоўцы сапраўдную карціну сітуацыі ў Беларусі, каб яго меркаванне пра нашу краіну змянілася ў лепшы бок".

Макей таксама назваў ганаровых консулаў "апорнымі пунктамі для развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прыцягнення партнёраў для рэалізацыі сумесных праектаў". "Гэта функцыя ўбірае ў сябе і садзейнічанне арганізацыі і правядзенню візітаў, у тым ліку дзелавых колаў, міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, і прасоўванне прадукцыі, і развіццё тавараправодных сетак, — адзначыў ён. — Вы можаце і павінны выступаць "драйверамі" ўваходжання беларускіх вытворцаў на рынкі вашых краін, выкарыстоўваючы увесь існы спектр інструментаў, уключаючы працу па лініі дзелавых асацыяцый і гандлёва-прамысловых палат".

Макей таксама лічыць, што "цяжка пераацаніць" дапамогу ганаровых консулаў у развіцці двухбаковых кантактаў у галіне навукі, адукацыі, культуры і спорту, актывізацыі кантактаў паміж рэгіянальнымі ўладамі, а таксама ў садзейнічанні ўсталяванню пабрацімскіх сувязяў. "Нарэшце, ваша непасрэдная прыярытэтная задача — гэта абарона правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян, аказанне дапамогі асобам, якія трапілі ў бяду, прадстаўленне інтарэсаў беларусаў у замежных судах", — дадаў міністр.

Пры гэтым ён адзначыў, што сітуацыя ў свеце і рэгіёне "не толькі не паляпшаецца і не нармалізуецца, але і ўскладняецца". "Яна вельмі няпростая і з пункту гледжання эканамічнага, і ваенна-палітычнага, і проста палітычнага, ды і гуманітарнага. Таму я хацеў бы заклікаць вас: мы чакаем — і ад вас, і ад нас — дасягнення вялікіх вынікаў, імкнення зрабіць нешта большае, — сказаў Макей. — Можна канстатаваць, што планка чаканняў ад нашай з вамі працы не будзе паніжацца — яна будзе толькі павышацца. Таму што негатыўная сітуацыя ў свеце, у сусветнай эканоміцы ўплывае і на нашу краіну. Таму асабліва важна ў гэтых умовах забяспечыць паступальнае эканамічнае развіццё Беларусі. Неабходна забяспечыць стварэнне своеасаблівых "падушак бяспекі". Мы лічым, што вы можаце і павінны стаць актыўнай часткай гэтага працэсу".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН