Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/06/923701_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:37
06.10.2017 17:49 Грамадства

Рух "За Свабоду" пачаў збор подпісаў за ўвядзенне мараторыя на высечку дрэваў у Партызанскім раёне Мінска

Мінск, 6 кастрычніка. Рух "За Свабоду" распачаў збор подпісаў за ўвядзенне ў Партызанскім раёне Мінска мараторыя на высечку дрэў і стварэнне рэестра зялёных зон, паведаміла прэс-служба руху.

Збор подпісаў ініцыяваў член рады руху "За Свабоду" Віктар Янчурэвіч.

Як падкрэсліваецца ў звароце, пад якім ідзе збор подпісаў, у стратэгіі развіцця ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый Асноўных палажэнняў горадабудаўнічага развіцця горада Мінска прадугледжваецца, што норма сярэдняй забяспечанасці зялёнымі зонамі да 2030 года павінна складаць не менш за 21 кв. м на аднаго жыхара (цяпер — 11 кв. м) і ўсе зялёныя зоны павінны быць пазначаныя.

Удзельнікі кампаніі патрабуюць ад уладаў Партызанскага раёна Мінска паведаміць, на якім этапе знаходзіцца работа па пазначэнні зялёных зон і ўнясенні іх у дзяржрэестр, "растлумачыць, якія мерапрыемствы плануюцца адміністрацыяй для выхаду на сярэднюю забяспечанасць азелянення тэрыторый агульнага карыстання гарадскога і раённага значэння да 2030 года не менш як 21 кв. м на аднаго жыхара ".

"Мы патрабуем увесці мараторый на высечку зялёных насаджэнняў у Партызанскім раёне да ўнясення планаў "зялёных ліній" участкаў структурных элементаў ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый Партызанскага раёна горада Мінска ў дзяржаўны горадабудаўнічы кадастр", — заключылі аўтары звароту.

Як адзначыў Янчурэвіч у каментары на сайце кампаніі, "тэма захавання і павелічэння колькасці зялёных насаджэнняў вельмі актуальная для Мінска ў сувязі з палітыкай ушчыльнення тэрыторый". "Асабліва актуальная яна для Партызанскага раёна, дзе вялікія прамысловыя зоны, санітарна-ахоўныя зоны якіх разглядаюцца ўладамі як рэзервы для забудовы, а ў парку побач са стадыёнам "Трактар" запланаванае будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна", — адзначыў актывіст.

На яго думку, "для жыхароў раёна зразумелай з'яўляецца ідэя ўвядзення мараторыя на высечку зялёных насаджэнняў да моманту правядзення інвентарызацыі зялёных зон раёна і распрацоўкі стратэгіі па выхадзе да 2030 года на ўзровень сярэдняй забяспечанасці зялёнымі тэрыторыямі ў 21 кв. м на чалавека, як зафіксавана ў генплане Мінска".

Паводле слоў Янчурэвіча, жыхары раёна актыўна падтрымліваюць зварот.

На нарадзе 3 кастрычніка па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць "разбой з неабгрунтаваным ушчыльненнем жыллёвай забудовы і рубкай дрэў у населеных пунктах". "Сродкі масавай інфармацыі, як бы яны вамі не былі прыкормленыя, усё часцей гавораць пра скандалы, пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Мінскам, з насельніцтвам з нагоды зносу дрэў, — адзначыў афіцыйны лідар. — Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, араць. Замест таго каб парк дзесьці закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам?" "І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек імкнецца выйсці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары спілуйце векавыя дрэвы і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысць... Трэба спыніць гэты разбой!" — заявіў ён.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН