Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/06/923703_923704/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:48
06.10.2017 17:17 Палітыка

Макей заклікаў ганаровых консулаў Беларусі рабіць у сваёй працы ўпор на "ўнікальную ролю краіны ў арганізацыі бяспекі"

Мінск, 6 кастрычніка. Адна з візітных картак Беларусі — гэта "ўнікальная роля" краіны ў забеспячэнні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі "ва ўмовах самага магутнага з часоў "халоднай вайны крызісу" еўрапейскай і сусветнай архітэктуры бяспекі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы 6 кастрычніка на закрыцці першай канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі.

Тэкст выступлення размешчаны на сайце беларускага МЗС.

Міністр заклікаў ганаровых консулаў у іх працы па прасоўванні іміджу Беларусі рабіць упор на гэтым і іншых аспектах. "Я прасіў бы вас даводзіць да суразмоўцаў, што Беларусь — гэта не крыніца нейкай нестабільнасці, гэта не крыніца нейкіх праблем у нашым рэгіёне, ды і ў свеце ў цэлым, — сказаў Макей. — Беларусь — донар бяспекі ў сваім рэгіёне. Я заўсёды спрабую растлумачыць гэта нашым еўрапейскім і амерыканскім партнёрам, што беларусы, знаходзячыся на мяжы, на "лініі разлому" паміж Усходам і Захадам, ствараюць эфектыўны заслон на шляху нелегальнай міграцыі, на шляху наркатрафіку, на шляху крыміналу ў Еўропу. Я б прасіў вас акцэнтаваць лідарскае месца Беларусі ў барацьбе з гандлем людзьмі. Я прасіў бы вас нагадваць пра тое, што менавіта мы забяспечваем надзейны, бесперабойны транзіт энерганосьбітаў у Еўропу".

Міністр падкрэсліў, што праз Беларусь штогод перавальваецца больш за 100 млн тон розных грузаў. "Гэта і харчовыя тавары, і прамысловыя тавары, гэта і газ, нафта і гэтак далей. 100 мільёнаў тон для Еўропы — гэта жыццёва важна. Беларусь ніколі не стварала нейкіх праблем у гэтым плане для нашых партнёраў на Захадзе", — сказаў ён .

Макей таксама адзначыў, што ў 2017 годзе Беларусь правяла некалькі буйных міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ, за што атрымала "шчырую падзяку нават ад тых удзельнікаў, якіх, мякка кажучы, нельга назваць сябрамі Беларусі".

У прыватнасці, сказаў кіраўнік МЗС, пасля прыезду на сесію ПА АБСЕ і сустрэчы з кіраўніком дзяржавы памянялася меркаванне пра Беларусь кангрэсмена Крыстафера Сміта, які з`яўляецца аўтарам Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятага Кангрэсам ЗША. "Цяпер меркаванне гэтага кангрэсмена, як і многіх яго калег, сур`ёзна памянялася — памянялася ў лепшы бок. Мы не кажам, што яно стала ідэальным, што ўсе праблемы знятыя. Але важна аб`ектыўна паглядзець на рэчы і прызнаць гэтую аб`ектыўнасць. Прызнаць, што вельмі многае зроблена і робіцца ў Беларусі ў лепшы бок. Наша з вамі задача — пастарацца давесці гэтыя пазітыўныя нюансы, пазітыўныя моманты да кіруючых колаў вашых краін", — сказаў Макей.

Яшчэ адной "візітнай карткай краіны" ён назваў "міралюбныя, універсальныя і своечасовыя ініцыятывы на сусветнай арэне", у тым ліку ідэю аб запуску пад эгідай АБСЕ шырокай дыскусіі пра новы "Хельсінкскі працэс".

"Нельга далей жыць у такім свеце, дзе пануе канфрантацыйная рыторыка, — сказаў Макей. — Калі мы сустракаемся на нейкіх форумах, ствараецца такое ўражанне, што людзі адзін аднаго не чуюць. Мы займаемся толькі абвінавачаннямі ў адрас адзін аднаго. Не прапаноўваем нейкіх канструктыўных рашэнняў, якія дазволілі б выйсці з гэтай тупіковай сітуацыі. Менавіта гэтым і матывавалі мы ідэю аб пачатку новай дыскусіі, якая паклала б канец гэтай канфрантацыйнай рыторыцы і садзейнічала б вырашэнню супярэчнасцяў паміж дзяржавамі на прасторы Еўра-Атлантыкі і Еўропы".

Беларускі бок, паводле слоў міністра, гатовы "прапанаваць Мінск у якасці стартавай пляцоўкі гэтага працэсу".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН