Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/09/924035_924036/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 18:04
09.10.2017 18:07 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка падпісаў указ аб развіцці аграэкатурызму

Мінск, 9 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка 9 кастрычніка падпісаў указ № 365 "Аб развіцці аграэкатурызму". Ён падрыхтаваны ў рамках працы, якая праводзіцца ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, па стымуляванні дзелавой актыўнасці і выключэнні залішніх патрабаванняў, што выстаўляюцца да суб'ектаў гаспадарання.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, дакумент прадугледжвае комплекснае ўдасканаленне адносін у сферы аграэкатурызму, накіраванае, перш за ўсё, на ліквідацыю адміністрацыйных бар'ераў, якія тармозяць развіццё гэтага віду дзейнасці.

У гэтых мэтах указ замацоўвае права грамадзян, якія жывуць у сельскай мясцовасці і маюць зямельныя ўчасткі, выдзеленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, займацца аграэкатурызмам без змены мэтавага прызначэння гэтых зямельных участкаў. Раней аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму маглі выключна грамадзяне, якія маюць у карыстанні зямельныя ўчасткі, прызначаныя для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі.

Суб'ектам аграэкатурызму даецца права аказваць шырокі шэраг дадатковых паслуг, спадарожных гэтаму віду дзейнасці, у тым ліку праводзіць прэзентацыі, юбілеі, банкеты.

Жылы дом, неабходны для размяшчэння гасцей, згодна з указам можа належаць як непасрэдна грамадзяніну, якая аказвае паслугі ў сферы аграэкатурызму, так і членам яго сям'і. Пры гэтым таксама дапускаецца ўзвядзенне гасцявых домікаў, якія не падлягаюць уключэнню ў жыллёвы фонд.

Указ будзе садзейнічаць як павышэнню турыстычнай прывабнасці краіны, так і ўключэнню ў эканамічную дзейнасць насельніцтва, якое жыве на тэрыторыі сельскай мясцовасці.

Прымаючы 19 верасня з дакладам міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прадастаўленне суб'ектам аграэкатурызму права аказваць дадатковыя паслугі, у тым ліку праводзіць вяселлі, банкеты, юбілеі. "Я бываў у такіх аграэкасядзібах і бачыў, як адпачываюць там людзі. І гэта цалкам нармальныя заробкі, — сказаў Лукашэнка. — Але забаранялі праводзіць банкеты, вяселлі і гэтак далей. Цяпер прапаноўваецца прыбраць гэтыя забароны. Калі людзям там зручна правесці дзень нараджэння ці вяселле, няхай праводзяць".

Ён заявіў пра важнасць развіцця ў краіне аграэкатурызму. "Гэта добра, што мы далі магчымасць людзям, асаблiва ў вёсцы, у маленькіх гарадах, у добрых месцах займацца гэтай дзейнасцю і атрымліваць для сям'і пэўныя даходы, бо ў асноўным гэта сямейны бізнес", — сказаў Лукашэнка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН