Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/09/924040_924041/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:34
09.10.2017 18:23 Эканоміка, Грамадства

Указам прэзідэнта пашыраны пералік відаў рамеснай дзейнасці

Мінск, 9 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка 9 кастрычніка падпісаў указ № 364 "Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці", які ўваходзіць у пакет дакументаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва і стымуляванне дзелавой актыўнасці.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, максімальна пашыраецца пералік відаў рамеснай дзейнасці, якія грамадзяне маюць права ажыццяўляць па заяўным прынцыпе без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У названы пералік уключаны ўсе віды творчасці, якія ажыццяўляюцца на аснове ручной працы.

Удакладняюцца месцы і спосабы рэалізацыі рамеснай прадукцыі. Акрамя продажу сваіх вырабаў на рынках, кірмашах і ў іншых месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, рамеснікі змогуць прадаваць свае вырабы непасрэдна ў майстэрнях, дастаўляць і перасылаць прадукцыю пакупнікам па ўказаным імі адрасе.

Рамеснікі таксама змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю, у тым ліку ў інтэрнэце.

"Прыняцце ўсіх гэтых мер паспрыяе развіццю народных промыслаў, захаванню і прымнажэнню традыцый ручной працы, а таксама ўключэнню працаздольнага насельніцтва ў эканамічную дзейнасць з дапамогай стварэння дадатковых умоў для самазанятасці грамадзян", — адзначае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Як паведамлялася раней, праектам гэтага ўказа пералік рамесніцкай дзейнасці планавалася пашырыць на 30%. На сёння ў Беларусі зарэгістравана каля 23,5 тысячы рамеснікаў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН