Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/09/924062_924063/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:50
09.10.2017 20:28 Палітыка

Крэмль: Асобнай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у Сочы пакуль не плануецца

Мінск, 9 кастрычніка. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 10—12 кастрычніка ў Сочы правядзе некалькі двухбаковых сустрэч з калегамі з СНД. Асобных перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам пакуль не запланавана, але яны не выключаны, паведаміў журналістам памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў.

"10 кастрычніка адбудуцца дзве сустрэчы Уладзіміра Пуціна: першая — з прэзідэнтам Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмонам, другая — з прэзідэнтам Рэспублікі Малдова Ігарам Дадонам", — цытуе прадстаўніка Крамля ТАСС.

Паводле яго слоў, "11 кастрычніка перад пачаткам усіх пасяджэнняў [саміту СНД і ЕўрАзЭС] адбудзецца сустрэча з прэзідэнтам Рэспублікі Узбекістан Шаўкатам Мірзіеевым, 12 кастрычніка адбудзецца сустрэча з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым". "Не выключана і правядзенне іншых сустрэч, але я паведаміў пра тыя, якія ўзгоднены і па якіх ужо выдзелены часавыя параметры ў раскладзе нашага прэзідэнта", — патлумачыў Ушакоў.

"Пакуль асобнай сустрэчы [з Лукашэнкам] не плануецца, хоць я, натуральна, не выключаю нейкага кантакту на нагах па тых ці іншых пытаннях, а можа быць, яна [асобная сустрэча] і будзе ўзгоднена па ходу", — дадаў ён. Прадстаўнік Крамля нагадаў, што расійскі і беларускі лідары размаўлялі па тэлефоне ў суботу і Лукашэнка пацвердзіў свой удзел у самітах.

Як паведамляў БелаПАН, у ходзе тэлефоннай размовы 7 кастрычніка Лукашэнка пацвердзіў Пуціну свой удзел у сочынскіх самітах кіраўнікоў дзяржаў СНД і ЕўрАзЭС і падкрэсліў, што высокі ўзровень каардынацыі паміж Беларуссю і Расіяй часта становіцца вырашальным фактарам і прадвызначае ў канчатковым выніку прыняцце канцэптуальных рашэнняў па развіцці інтэграцыі.

Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі "актуальны стан беларуска-расійскага супрацоўніцтва і тэндэнцыі ў гэтай сферы". Акрамя таго, яны закранулі тэму падрыхтоўкі да правядзення сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Мінску, якая прызначана на 30 лістапада.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН