Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/09/924071_924072/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:26
09.10.2017 21:16 Грамадства, Эканоміка, Фінансы

У Беларусі больш за 32 тысячы старшакласнікаў прынялі ўдзел у першым этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці

Мінск, 9 кастрычніка. Больш за 32 тысячы беларускіх старшакласнікаў праверылі свае фінансавыя веды ў ходзе першага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, якую штогод праводзяць Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі.

Да першага этапу алімпіяды далучыліся больш за 2.300 школ, або тры чвэрці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы практычныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве (зберажэнні, безнаяўныя плацяжы і лічбавы банкінг, страхаванне, падаткі, інвестыцыі, наяўныя грошы, крэдытаванне і іншыя віды запазычанняў).

Другі і трэці рэгіянальныя этапы рэспубліканскай алімпіяды адбудуцца 20 кастрычніка і 17 лістапада. Заключны этап алімпіяды пройдзе ў Мінску ў Нацыянальным банку 15 снежня. Па традыцыі з фіналістамі сустрэнуцца прадстаўнікі кіраўніцтва Нацбанка і Міністэрства адукацыі. Пераможцам алімпіяды будуць уручаны граматы і каштоўныя падарункі.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў 10—11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праходзіць у Беларусі з 2014 года і з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці. Нацыянальным банкам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы да алімпіяды, з якімі можна азнаёміцца на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай дасведчанасці fingramota.by.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239