Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/10/924160_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:23
10.10.2017 14:40 Палітыка, Грамадства

Беларускія дыпламаты высвятляюць абставіны канфліктнай сітуацыі з устаноўкай помніка Касцюшку ў швейцарскім Золатурне

Мінск, 10 кастрычніка. Беларускія дыпламаты высвятляюць усе акалічнасці сітуацыі з усталяваннем помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім горадзе Золатурн, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

"Наш часовы павераны Павел Мацукевіч запытаў сустрэчу з мэрам горада Золатурн, дзе плануецца адкрыць помнік Касцюшку. Мы высвятляем усе акалічнасці гэтай сітуацыі", — сказаў ён.

Напярэдадні ў СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што 21 кастрычніка ў Золатурне, дзе ў 1817 годзе памёр нацыянальны герой Беларусі, плануецца адкрыццё помніка Касцюшку. Грошы на стварэнне помніка былі сабраныя беларускай дыяспарай. Першапачаткова меркавалася, што на шыльдзе помніка павінен быў быць надпіс на беларускай і нямецкай мовах: "Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў". Аднак паводле інфармацыі  "Радыё Свабода", польскае пасольства ў Швейцарыі запатрабавала прыбраць з шыльды згадку пра Беларусь, заявіўшы, што ў адваротным выпадку афіцыйная польская дэлегацыя не прыедзе на адкрыццё помніка. Пасля гэтага на шыльдзе пакінулі толькі згадку пра тое, што помнік усталяваны Асацыяцыяй беларусаў у Швейцарыі ў 2017 годзе.

Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў 1746 годзе недалёка ад мястэчка Косава (цяпер гэта Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) у Вялікім Княстве Літоўскім, якое ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З'яўляўся палітычным і ваенным дзеячам Рэчы Паспалітай, Касцюшка кіраваў паўстаннем 1794 года. Тадэвуш Касцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239