Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/10/924208_123456/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 05:44
10.10.2017 18:18 Палітыка

Лукашэнка адправіўся ў Сочы на саміты СНД і ЕАЭС

Мінск, 10 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Сочы, дзе 11 кастрычніка прыме ўдзел у самітах СНД і ЕАЭС, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД плануецца разгледзець каля 20 пытанняў, накіраваных на "далейшае развіццё супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай галінах і іншых ключавых сферах дзейнасці Садружнасці".

"Найбольш значным з іх з'яўляецца праект заявы кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб падтрымцы інстытута сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў", — адзначаецца ў рэлізе.

У рамках эканамічнага супрацоўніцтва мяркуецца разгледзець і ўхваліць праект Канвенцыі СНД аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

"Найбольш значнымі гуманітарнымі праектамі, якія ўключаны ў парадак дня, з'яўляюцца рашэнні пра абвяшчэнне ў СНД 2019 года Годам кнігі, 2020 года — Годам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў, аб рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы" Культурныя сталіцы Садружнасці" ў 2018 годзе ў Арменіі, у 2019 годзе — у Беларусі, у 2020 годзе — у Казахстане", — паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.

"Традыцыйна" ў парадак дня пасяджэння ўключаны пытанні, накіраваныя на "забеспячэнне бяспекі і супрацьдзеянне новым выклікам і пагрозам". Сярод іх праекты асноўных напрамкаў адаптацыі аб'яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаў — удзельніц СНД да вырашэння задач паветрана-касмічнай абароны; рашэнні аб канцэпцыі супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванні тэрарызму і фінансаванні распаўсюджвання зброі масавага знішчэння; канцэпцыі супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у супрацьдзеянні карупцыі; пагаднення аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Адным з пунктаў парадку дня стане разгляд шляхоў удасканалення дзейнасці Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і яе адаптацыі да сучасных рэалій.

На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета лідары краін разгледзяць пытанні ў сферы інфарматызацыі, мытнага рэгулявання, канкурэнцыі, натуральных манаполій, прамысловага супрацоўніцтва і міжнароднай дзейнасці.

Адной з ключавых тэм стане абмеркаванне асноўных напрамкаў рэалізацыі лічбавай павесткі ЕАЭС да 2025 года. Будуць прадстаўлены асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці саюза на 2018 год. Прэзідэнтаў праінфармуюць аб ходзе ратыфікацыі Мытнага кодэкса ЕАЭС, які павінен набыць моц 1 студзеня 2018 года.

На разгляд будзе вынесена распараджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета аб падрыхтоўцы дарожнай карты, якая будзе накіравана на гарманізацыю заканадаўства дзяржаў-членаў у сферы рэгулявання дзейнасці суб'ектаў натуральных манаполій.

Яшчэ адно пытанне парадку дня — супрацоўніцтва краін ЕАЭС у сферы аказання касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Плануецца, што на пасяджэнні бакі зацвердзяць старшыню Суда ЕАЭС і яго намесніка.

Адна з выніковых тэм саміту — аб старшынстве ў органах саюза — Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

У гаспадара саміту, прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, асобныя перамовы з Лукашэнкам пакуль не запланаваны, але яны не выключаны, паведаміў памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239