Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/11/924349_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:17
11.10.2017 13:18 Грамадства

Сістэму дамашніх родаў у Беларусі ўкараняць не плануецца

Мінск, 11 кастрычніка. Міністэрства аховы здароўя Беларусі не лічыць мэтазгодным укараняць сістэму дамашніх родаў, заявіла журналістам 11 кастрычніка ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан.
"Давайце мы сёння паставім кропку ў абмеркаванні дамашніх родаў", — сказала яна, падкрэсліўшы, што ніякі маральны камфорт хатніх умоў для парадзіхі не параўнальны з захаваннем жыцця і здароўя маці і дзіцяці.

"З жанчынай у родах можа адбыцца ўсё што заўгодна, і дапамагчы зможа толькі брыгада прафесіяналаў, — падкрэсліла Богдан. — Патрэбная кроў, патрэбны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, часам патрэбныя спецыяльныя аперацыйныя наборы. Паверце, акушэрка не зробіць ніякую аперацыю, не выдаліць матку, не паставіць балон".

На пытанне, ці варта дазволіць праводзіць роды дома камерцыйным медыцынскім цэнтрам, прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя адказала: "Сёння ні адзін прыватны медцэнтр у Беларусі не праводзіць роды, толькі вядзе цяжарнасць".

Даступнасць кваліфікаванай медыцынскай дапамогі падчас цяжарнасці і родаў у радзільнях — гэта не толькі пазіцыя Міністэрства аховы здароўя, але і рэкамендацыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для дасягнення мэтаў устойлівага развіцця, дадала Богдан. Акрамя акушэркі на родах павінен быць лекар, пасля нараджэння дзіцяці абавязкова павінен агледзець неанатолаг, часам дзіцяці патрэбная дапамога анестэзіёлага-рэаніматолага для таго, каб ён змог самастойна дыхаць, патлумачыла яна.

"Зрабіць гэта ў хатніх умовах складана. У любым выпадку гэта рызыка, і для медыцынскага работніка таксама. Не думаю, што ў нас знойдзецца хоць бы адзін камерцыйны цэнтр, які пойдзе на роды дома", — сказала Богдан. "Навошта роды дома? Які ў іх сэнс", — не разумее прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Паводле слоў Богдан, у адказ на фатаграфіі шчаслівых мам і дзяцей, народжаных у хатніх умовах, яна гатовая паказаць іншыя фатаграфіі — "тых няшчасцяў, якія здараюцца пасля родаў дома".

На пытанне, як Міністэрства аховы здароўя ставіцца да дэпутацкай ініцыятывы заканадаўча забараніць дамашнія роды, Богдан адказала, што падобных прапаноў ад Палаты прадстаўнікоў у міністэрства пакуль не паступала.

2 кастрычніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Анатоль Дашко заявіў журналістам, што хатнія роды "прасцей забараніць". "Я б пайшоў па такому шляху. Што тычыцца мер адказнасці, то я б пачаў з адміністрацыйнай", — сказаў Дашко, які да абрання ў парламент працаваў галоўным лекарам Брэсцкай абласной радзільні.

За апошні месяц у Беларусі адбыліся дзве рэзанансныя падзеі, звязаныя з дамашнімі родамі. 7 верасня суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў 31-гадовую Вольгу Сцяпанаву, у якой пасля дамашніх родаў памерла дзіця, вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці. 29 верасня стала вядома пра смерць жыхаркі Беразіно (Мінская вобласць) і двух яе нованароджаных дзяцей. Паводле звестак СК, усе яны памерлі ад наступстваў, выкліканых родамі дома. Гэтыя выпадкі абвастрылі грамадскую дыскусію прыхільнікаў і праціўнікаў хатніх родаў, якая разгарэлася ў СМІ і сацсетках.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН