Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/12/924548_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 18:00
12.10.2017 14:09 Эканоміка

Кіраўнік "Беллеспаперапрама": Рынак Вялікабрытаніі ўяўляе для беларускіх вытворцаў асаблівую цікавасць

Мінск, 12 кастрычніка. Рынак Вялікабрытаніі ўяўляе для беларускіх вытворцаў асаблівую цікавасць. Пра гэта заявіў намеснік старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам" Міхаіл Касько 12 кастрычніка ў Бірмінгеме на прэзентацыі дрэваапрацоўчай галіны Беларусі на міжнароднай выставе Timber Expo.

Як паведаміла прэс-служба канцэрна, Касько ў сваім выступе адзначыў, што дрэваапрацоўчая галіна Беларусі "сёння абсалютна канкурэнтаздольная на любых рынках". "Прадукцыя мадэрнізаваных заводаў адпавядае ўсім стандартам якасці і ўжо мае шырокую геаграфію экспарту. Сёння стаіць задача асвойваць новыя гарызонты. Ужо па выніках працы першых двух дзён выставы можна адзначыць, што да нашай прадукцыі ўвага ў наведвальнікаў высокая", — сказаў Касько.

Пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Сяргей Алейнік, адкрываючы семінар, зазначыў, што Беларусь заўсёды адкрытая для супрацоўніцтва і бачыць вельмі перспектыўнымі ўзаемавыгадныя сувязі паміж дрэваапрацоўчымі кампаніямі дзвюх краін. Ён падкрэсліў, што ўдзел беларускіх вытворцаў у выставе Timber Expo добрая магчымасць усталяваць кантакты і намеціць патэнцыйныя напрамкі супрацоўніцтва.

Адбыліся таксама прэзентацыі беларускіх прадпрыемстваў і экспарцёраў. Сваю прадукцыю прадставілі "Івацэвічдрэў" (ДСП і мэбля), ААТ "Беларуская лясная кампанія", "Беллесэкспарт" і іншыя. Дадаткова былі прэзентаваныя магчымасці Беларускай універсальнай таварнай біржы па таргах прадукцыяй ляснога комплексу і Банка развіцця Беларусі па фінансаванні экспартных кантрактаў.

Выстава Timber Expo з'яўляецца найбуйнейшым профільным форумам у Вялікабрытаніі. Яна праводзіцца ў межах вялікага будаўнічага тыдня, які збірае каля 650 экспанентаў з розных краін свету. Выставу наведвае не менш за 30 тыс. чалавек.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН