Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/13/924856_924857/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:26
13.10.2017 15:24 Грамадства

У Мінабароны перададзена заява з патрабаваннем адстаўкі міністра Раўкова

Мінск, 13 кастрычніка. Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) падалі ў Міністэрства абароны Беларусі заяву з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова і ўсіх кіраўнікоў вайсковых часцей, у якіх за апошні год загінулі салдаты тэрміновай службы.
На тэрыторыю Мінабароны прадстаўнікоў БХД не пусцілі, заяву ў іх прыняў супрацоўнік бюро пропускаў, якое размешчана насупраць будынка міністэрства.

Аўтары заявы — Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова і Максім Гацак — выказваюць занепакоенасць выпадкамі гібелі салдат тэрміновай службы падчас яе праходжання ў воінскіх часцях Беларусі.

Яны адзначаюць, што толькі за апошні год адбылося некалькі трагедый з маладымі салдатамі — Арцёмам Басцюком (праходзіў службу ў вайсковай часці 25849), Паўлам Старанковым (в/ч № 44540) і Аляксандрам Коржычам (в/ч № 43064).

"Усе гэтыя маладыя салдаты загінулі ў час праходжання службы і, па паведамленнях іх блізкіх, сталі ахвярамі нестатутных адносін (дзедаўшчыны), — гаворыцца ў заяве. — Мы не можам заставацца абыякавымі да трагедый, якія адбыліся з гэтымі маладымі людзьмі, разумеючы, што сёння на іх месцы могуць апынуцца іншыя маладыя людзі нашай краіны".

"Трагедыі, якія адбыліся, сведчаць аб велізарнай колькасці праблем, што існуюць у арміі, і аб тым, што ў сценах закрытых устаноў вайсковых часцей нашы салдаты не знаходзяцца ў бяспецы, а, наадварот, зведваюць націск і гвалт", — адзначаюць прадстаўнікі аргкамітэта БХД.

Прадстаўнікі аргкамітэта БХД патрабуюць:

- адстаўкі генерал-лейтэнанта, міністра абароны Андрэя Раўкова і ўсіх кіраўнікоў вайсковых часцей, у якіх адбыліся вышэйзгаданыя трагедыі з салдатамі;

- публічнага і ўсебаковага расследавання гібелі салдат тэрміновай службы і адхілення ад службы на перыяд следства ўсіх датычных (дзеяннямі і бяздзейнасцю) да іх гібелі;

- адкрытасці і публічнасці інфармацыі аб усіх здарэннях у вайсковых часцях Беларусі;

- неадкладнага перагляду ўсёй сістэмы праходжання тэрміновай воінскай службы ў Беларусі і забеспячэння правоў чалавека і наяўнасці рэальных механізмаў для абароны ваеннаслужачых ад гвалту.

Перад падачай заявы сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі заявіў: "Альбо міністр не ведаў, што адбываецца ў гэтых часцях, — тады ён некампетэнтны і павінен сысці ў адстаўку, альбо ведаў, але пакрываў, — тады ён злачынец і павінен быць пакараны".

Рымашэўскі таксама адзначыў, што пра дзедаўшчыну ў беларускім войску ведаюць "і маці, і будучыя салдаты, але ўсе маўчаць". "І вось менавіта з гэтага пачынаецца дыктатура", — заявіў палітык.

Шырокае грамадскае абмеркаванне праблемы дзедаўшчыны ў беларускай арміі пачалося пасля трагічнага выпадку з салдатам тэрміновай службы Аляксандрам Коржычам. 3 кастрычніка цела 21-гадовага ўраджэнца Пінска знайшлі павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай вучэбнай часці пад Барысавам. Следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд, але сваякі салдата заявілі аб гвалтоўным характары смерці.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні справы па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што мела вынікам цяжкія наступствы). Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай смерці стала механічная асфіксія ад сціскання органаў шыі пятлёй ад рэменя пры павешанні.

На наступны дзень на сайце zvarot.by пачаўся збор подпісаў пад патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Раўкова.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН