Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/14/924972_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:47
14.10.2017 13:37 Грамадства

Мінабароны: Вакол гібелі салдата пад Барысавам разгарнулася мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі Узброеных сіл

Мінск, 14 кастрычніка. Інтэрнэт-рэсурс zvarot.by, дзе збіраліся подпісы за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова, заблакаваны па ініцыятыве Міністэрства абароны Беларусі.
Сітуацыя з нядаўняй гібеллю ў Печах пад Барысавам салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча і іншых салдат тэрміновай службы ў беларускім войску атрымала шырокі грамадскі розгалас. На сайце zvarot.by праваабаронцамі быў абвешчаны збор подпісаў пад патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова. За двое сутак на ім было сабрана больш як 10 тысяч подпісаў.

Як паведамляе 14 кастрычніка Міністэрства абароны, аўтаматызаваная сістэма абароны паштовага сервера абароннага ведамства выявіла "адпраўку вялікай колькасці паведамленняў з аднаго і таго ж электроннага адраса з выкарыстаннем спецыяльнага праграмнага забеспячэння для рассылання спаму і праінфармавала пра гэта глабальны сэрвіс барацьбы з ім SpamCop".

"На падставе апавяшчэння, SpamCop паведаміў правайдару, што падаў хостынг-паслугі для сайта zvarot.by, з якога адбывалася адпраўка зваротаў, у выніку чаго згаданы рэсурс быў заблакаваны на час правядзення праверкі", — гаворыцца ў паведамленні.

"Акрамя таго, аналіз зваротаў, якія паступілі з сайта zvarot.by на паштовы сервер Міністэрства абароны, паказаў, што былі пазначаныя неіснуючыя адрасы электроннай пошты адпраўніка і іх рэгістрацыйныя звесткі (прозвішча, імя, імя па бацьку і хатні адрас). Такім чынам, вакол гэтага здарэння на аснове здагадак і чутак разгорнутая мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі Узброеных сіл", — упэўненыя ў абаронным ведамстве.

Цела вайскоўца было знойдзенае 3 кастрычніка павешаным ў падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд. Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі пра гвалтоўны характар смерці. У выніку Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце гібелі вайскоўца тэрміновай службы. Справа распачатая па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў за адстаўку міністра Раўкова праваабаронца Леанід Судаленка раней у каментары БелаПАН падкрэсліў, што адстаўка міністра абароны найбольш ярка пакажа, што дзяржава не здольная спраўляцца з тымі выклікамі, якія арміі выстаўляе бягучы час, і прымусіць чыноўнікаў ад міністра абароны задумацца, куды і навошта ідзе беларускае войска.

"Мы даем сабе справаздачу ў тым, што Міністэрства абароны ў прыватнасці і армія ў цэлым не падкантрольныя беларускаму грамадству. Але тым не менш гэтым выклікам спрабуем прыцягнуць увагу грамадства на бязмежжа, якое адбываецца ў салдацкіх казармах. Рыба, як вядома, гніе з галавы. Мы ўсе чулі, што заявіў камандзір часткі маці забітага салдата: прабачце, так атрымалася! Мы разумеем, што следства яшчэ не скончанае па папярэднім забойстве ў гэтай часці ў сакавіку гэтага года і не разлічваем на хуткае пакаранне вінаватых і ў гэтай трагедыі. Але мы ўпэўненыя, у грамадстве павінна ісці дыскусія па гэтым бязмежжы, кожны з бацькоў мае права ведаць, што адбываецца з яго дзіцём у любы час сутак!" — лічыць Судаленка.

13 кастрычніка прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант паведаміла журналістам, што сітуацыя вакол гібелі Коржыча знаходзіцца на кантролі Аляксандра Лукашэнкі.

Следчы камітэт заявіў, што падчас папярэдняга расследавання гібелі ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча вылучаныя тры версіі здарэння. Першая — давядзенне да самагубства "з прычыны нестатутных адносін з вайскоўцамі, гвалту, здзеку, дамагання ці адабрання ў яго прадметаў асабістага ўжывання, грашовых сродкаў або маёмасці". Другая — забойства "па матывах асабістых непрыязных адносін з карыслівых меркаванняў з прычыны валодання інфармацыяй, што кампраметуе іншых ваеннаслужачых". Трэцяя — самагубства "з прычыны псіхалагічнай траўмы, нежадання працягваць службу ва Узброеных сілах, а таксама адмовы ад камісавання яго".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН