Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/16/925062_123995/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 22:16
16.10.2017 10:44 Грамадства, Культура

Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі

Мінск, 16 кастрычніка. Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў лістападзе 2018 года ў Мінску. Пра гэта Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію Беларусі афіцыйна праінфармаваў Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС), паведаміла прэс-служба беларускага медыяхолдынга.

У сувязі са зменай правілаў конкурсу тэлекампанія — арганізатар наступнага дзіцячага "Еўрабачання" можа быць названая яшчэ да пачатку шоу 2017 года, якое пройдзе ў Тбілісі.

Краіны — удзельніцы ЕВС мелі магчымасць падаць заяўку на правядзенне дзіцячага "Еўрабачання-2018" загадзя, каб спланаваць бюджэт і ўсе этапы падрыхтоўкі мерапрыемства. Кіруючая група конкурсу прызнала заяўку Белтэлерадыёкампаніі найлепшай, і ў выніку Беларусь становіцца гаспадыняй дзіцячага конкурсу. Расходы на яго правядзенне нясе як краіна-гаспадыня, так і ЕВС.

Беларусь ужо мае вопыт прыёму гэтага песеннага форуму. ЕВС высока ацаніў узровень падрыхтоўкі і арганізацыі дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску ў 2010 годзе.

У міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" Беларусь удзельнічае з моманту яго заснавання ў 2003 годзе. Першай беларускай удзельніцай была Вольга Сацюк, якая заняла чацвёртае месца.

На рахунку Беларусі дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". Рэзанансным стала выступленне беларускага выканаўцы Юрыя Дземідовіча на конкурсе 2009 года ў Кіеве — яго песня "Чароўны трусік" выклікала бурную рэакцыю ў інтэрнэце і атрымала шырокую папулярнасць. У 2016 годзе Аляксандр Мінёнак заняў сёмае месца.

На дзіцячым "Еўрабачанні-2017", фінал якога пройдзе 26 лістапада ў сталіцы Грузіі, Беларусь прадставіць Хелена Мерааі з песняй "Я самая".
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239