Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/16/925171_123456/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 06:39
16.10.2017 17:45 Эканоміка

Падпісаны ўказ аб мінімізацыі ўмяшання кантралёраў у дзейнасць суб'ектаў прадпрымальніцтва

Мінск, 16 кастрычніка. "У мэтах мінімізацыі ўмяшання кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб'ектаў прадпрымальніцтва" Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка падпісаў указ № 376 "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці".
Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, прадугледжваецца змяшчэнне акцэнту ў дзейнасці кантралёраў на прафілактычную працу, пашырэнне прымянення замест праверак мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, паверачнага) характару, па выніках якіх меры адказнасці прымяняцца не будуць, калі суб'ект ліквідуе выяўленыя парушэнні.

У дакуменце закладзены адыход ад сістэмы планавых праверак, у рамках якой наведаць суб'ект гаспадарання можна нават пры адсутнасці парушэнняў з яго боку або без іншых важкіх прычын. Замест планавых прапаноўваецца ажыццяўляць выбарачныя праверкі, правядзенне якіх у дачыненні да прадпрыемства магчымае толькі пры наяўнасці комплексу падстаў (выяўленне неаднаразовых парушэнняў, вынікі аналізу чэк-ліста і інш.).

Скарачаюцца падставы для прызначэння пазапланавых праверак. "Пры гэтым у ходзе пазапланавай праверкі падлягаюць вывучэнню толькі выяўленыя ў дачыненні да канкрэтных правяраемых суб'ектаў факты і абставіны, якія паслужылі прычынай для прызначэння дадзенай пазапланавай праверкі", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Выключаецца магчымасць даваць даручэнні на правядзенне праверкі па матэрыялах, якiя знаходзяцца ў вытворчасцi праваахоўных органаў, — праверкі будуць праводзіцца толькі па заведзенай крымінальнай справе.

Выключаецца магчымасць вынясення кантралёрам прадпісання аб прыпыненні дзейнасці правяраемага суб'екта, яго цэхаў, абсталявання, вытворчасці. Прыпыняць сваю дзейнасць ці не, будзе вырашаць выключна кіраўнік прадпрыемства на падставе рэкамендацый правяраючых. Але пры гэтым за свае дзеянні, звязаныя з устараненнем выяўленых парушэнняў, кіраўнік "будзе несці ўсю паўнату адказнасці (аж да крымінальнай)".

Устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць кантралёраў за ўчыненне грубых парушэнняў пры правядзенні праверак (неўнясенне запісу аб правядзенні праверкі ў кнігу ўліку праверак, адсутнасць падстаў для правядзення праверкі і іншае). За ўчыненне падобных дзей прадугледжваецца накладанне на службовую асобу кантралюючага (нагляднага) органа штрафу да 30 базавых велічынь.

Пры Камітэце дзяржаўнага кантролю прадугледжваецца стварэнне Міжведамаснага савета па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, асноўнай задачай якога будзе аналіз стану кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Пры выяўленні негатыўных тэндэнцый у працы кантралюючых органаў савет будзе ўпаўнаважаны выносіць рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў. Калі рэкамендацыі не будуць выкананыя кантралюючымі органамі, адпаведная інфармацыя "будзе даводзіцца да ведама ўрада і кіраўніка дзяржавы".

Рэфармуецца сістэма ведамаснага кантролю "з пераарыентацыяй дадзеных службаў на правядзенне аналізу (аўдыту) і прыняцце мер па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемства". "Па сутнасці, гэтыя службы стануць для дзяржаўных органаў, уключаючы выканкамы, інструментамі рэалізацыі паўнамоцтваў ўласніка для забеспячэння эфектыўнасці працы падначаленых арганізацый", — адзначаецца ў рэлізе.

Будзе таксама аптымізаваны пералік кантралюючых (наглядных) органаў і сфер іх дзейнасці, у выніку якой паўнамоцтвы на правядзенне праверак страціць траціну кантралёраў, а лік сфер кантрольнай (нагляднай) дзейнасці скароціцца амаль удвая.

"Рэалізацыя адпаведных палажэнняў дазволіць выбудаваць больш рацыянальную сістэму дзяржаўнага кантролю, павысіць празрыстасць дзейнасці кантралюючых (наглядных) органаў, выключыць залішняе, не абгрунтаванае аб'ектыўнымі прычынамі абцяжаранне суб'ектаў гаспадарання праверачнымі мерапрыемствамі", — гаворыцца ў паведамленні.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239