Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/16/eu_eu_925076_447856/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:27
16.10.2017 10:53 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Візіт у Беларусь еўракамісара Ёханэса Хана адменены

Мінск, 16 кастрычніка. Візіт у Беларусь камісара ЕС па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Ёханэса Хана адменены, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Мінску.
"На жаль, камісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Ёханэс Хан не здолее наведаць Мінск у аўторак, 17 кастрычніка, як было запланаванае, у сувязі з нечаканымі, але вельмі важнымі сустрэчамі па падрыхтоўцы пасяджэння Еўрапейскага савета", — адзначылі ў прадстаўніцтве ЕС .

Чарговае пасяджэнне Еўрапейскага савета пройдзе 19—20 кастрычніка ў Бруселі.

Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык удакладніў БелаПАН, што візіт еўракамісара Хана перанесены. Паводле яго слоў, МЗС атрымала адпаведнае паведамленне з ЕС. "Мы шкадуем, што візіт перанесены. Беларускі бок зацікаўлены ў працягу развіцця супрацоўніцтва з Еўрасаюзам", — дадаў Мірончык.

Як паведамлялася раней, падчас візіту планаваліся сустрэчы Хана з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі апазіцыі, праваабарончага аб`яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і ўдзельнікамі праекта "МОСТ" (праект ЕС па арганізацыі стажыровак і абменаў для беларускіх і еўрапейскіх спецыялістаў).

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, чакалася, што еўракамісар прывязе афіцыйнае запрашэнне для Беларусі на ўдзел у саміце Усходняга партнёрства.

Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч на мінулым тыдні паведаміла БелаПАН, што запрашэнні для ўсіх шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) былі падпісаныя старшынёй Еўрасаюза Дональдам Тускам, кіраўніком Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам і прэм`ер-міністрам Эстоніі, якая старшынюе ў ЕС, Юры Ратасам. Качыянчыч удакладніла, што Беларусь запрошаная на саміт на такіх жа ўмовах, як і ўсе астатнія ўдзельнікі Усходняга партнёрства. "Хто будзе удзельнічаць ад Беларусі ў саміце, вырашае Мінск", — дадала яна.

Саміт УП у Бруселі можа стаць першым, у якім возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка. На пяці папярэдніх самітах Беларусь прадстаўлялі чыноўнікі рознага ўзроўню. На апошняй сустрэчы ў Рызе ў 2015 годзе дэлегацыю ўзначаліў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Крыніца ў структурах ЕС растлумачыла БелаПАН, што прычынай, з-за якой Лукашэнка раней не мог удзельнічаць у самітах УП, была забарона на яго ўезд у краіны Еўрасаюза. "У лютым 2016 года Савет ЕС прыняў рашэнне зняць большасць абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, у тым ліку тыя, якія забаранялі выдачу віз 170 фізічным асобам, уключаючы прэзідэнта Лукашэнку. Такім чынам, цяпер няма афіцыйных перашкод для ўдзелу ў саміце прэзідэнта Лукашэнкі", — адзначыла крыніца.

Яна нагадала, што рашэнне аб зняцці санкцый было прынятае "на фоне крокаў, зробленых Беларуссю ў папярэднія два гады, якія спрыялі паляпшэнню адносін паміж ЕС і Беларуссю". Сярод гэтых крокаў называліся аднаўленне дыялогу паміж Беларуссю і ЕС аб правах чалавека, вызваленне ў жніўні 2015 года ўсіх палітвязняў, а таксама правядзенне апошніх прэзідэнцкіх выбараў "у атмасферы, вольнай ад гвалту".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239