Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925233_147785/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:42
17.10.2017 09:11 Грамадства

Мінабароны Беларусі заяўляе аб працягу антыармейскай кампаніі

Мінск, 17 кастрычніка. Антыармейская кампанія працягваецца, гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Беларусі, апублікаванай на сайце ведамства. Заява звязаная са зваротамі грамадзян на сайт zvarot.by, дзе размешчаная петыцыя за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова.

У Мінабароны заяўляюць, што міністэрства, пракуратура і Следчы камітэт прымаюць усе меры для аб'ектыўнага і ўсебаковага расследавання смерці ў Печах вайскоўца Аляксандра Коржыча. "У той жа час ініцыююцца звароты на адрас Міністэрства абароны з рознымі абвінавачаннямі і патрабаваннямі", — гаворыцца ў заяве.

Яе аўтары сцвярджаюць, што падчас праверачных мерапрыемстваў па выяўленні сапраўднасці адрасоў электроннай пошты адпраўнікоў і іх рэгістрацыйных звестак службай тэхнічнай падтрымкі па стане на 16 кастрычніка ўсталявана, што толькі траціна грамадзян ад агульнай колькасці тых, хто звярнуліся, афіцыйна пацвердзілі накіраване лістоў на электронную скрыню Мінабароны, выяўлена больш за 250 няісных адрасоў электроннай пошты грамадзян, выкарыстоўвалася персаніфікаваная інфармацыя аб грамадзянах без іх ведама.

"Гэтыя дзеянні з'яўляюцца парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а асобы, якія іх праводзілі, адказваюць згодна з законам", — гаворыцца ў заяве.

16 кастрычніка доступ да сайта zvarot.by з петыцыяй за адстаўку кіраўніка Мінабароны зноў быў закрыты. Пры спробе ўвайсці на сайт з'яўляўся надпіс "Уліковы запіс адключаны адміністратарам сервера".

Нядаўняя гібель у Печах пад Барысавам салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча і іншых ваеннаслужачых у беларускім войску атрымала шырокі грамадскі рэзананс. На сайце zvarot.by праваабаронцамі быў абвешчаны збор подпісаў пад патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова. За двое сутак было сабрана больш за 10 тысяч подпісаў. Аднак пазней доступ да сайта быў заблакаваны з ініцыятывы Мінабароны.

Ваеннае ведамства заявіла, што аўтаматызаваная сістэма аховы паштовага сервера Мінабароны выявіла "адпраўку вялікай колькасці паведамленняў з аднаго і таго ж электроннага адраса з выкарыстаннем спецыяльнага праграмнага забеспячэння для рассылання спаму і паведаміла пра гэта ў глабальны сэрвіс барацьбы з ім SpamCop".

"На падставе апавяшчэння SpamCop праінфармаваў правайдара, што аказаў хостынг-паслугі для сайта zvarot.by, з якога адбывалася адпраўка зваротаў, у выніку чаго ўказаны рэсурс быў заблакаваны на час правядзення праверкі", — адзначалася ў паведамленні.

"Акрамя таго, аналіз зваротаў, якія паступілі з сайта zvarot.by на паштовы сервер Міністэрства абароны, паказаў, што былі пазначаныя няісныя адрасы электроннай пошты адпраўніка і іх рэгістрацыйныя звесткі (прозвішча, імя, імя па бацьку і дамашні адрас). Такім чынам, вакол гэтага здарэння на аснове здагадак і чутак разгорнутая мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі Узброеных сіл", — упэўненыя ў абаронным ведамстве.

15 кастрычніка актывісты дамагліся аднаўлення доступу да петыцыі. "Вы ведаеце, чым больш доўжыцца гэтая дзіўная эпапея з бязглуздымі целарухамі Мінабароны і спробамі абвясціць спамам і антыармейскай ампаніяй нашы з вамі патрабаванні навесці парадак у арміі, тым больш у ёй абсурду", — напісаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" адзін з ініцыятараў збору подпісаў Андрэй Стрыжак.

21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе ў вайсковай часці ў Печах. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд.

Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі пра гвалтоўны характар смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі таго, што здарылася: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Загадам міністра абароны Беларусі за непрыняцце вычарпальных мер па падтрыманні статутнага парадку адхіленыя ад пасады пяць службовых асоб 72-га Аб`яднанага навучальнага цэнтра, уключаючы камандзіра вайсковай часткі, дзе праходзіў службу салдат. Чацвёра службовых асоб звольненыя з Узброеных сіл.

Сітуацыя вакол гібелі радавога Коржыча знаходзіцца на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН