Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925236_558964/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 06:01
17.10.2017 11:02 Грамадства

IV Беларускі праваабарончы форум пройдзе 19—21 кастрычніка ў Вільнюсе

Мінск, 17 кастрычніка. IV Беларускі праваабарончы форум пройдзе 19—21 кастрычніка ў Вільнюсе (Літва). Як паведамляе сайт spring96.org, у мерапрыемстве возьмуць удзел 140 прадстаўнікоў 29 беларускіх праваабарончых арганізацый. Гасцямі форуму стануць прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, эксперты і партнёры з замежных і міжнародных праваабарончых структур.

Удзельнікі форуму абмяркуюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, праблемы праваабарончага руху ў краіне, а таксама супрацоўніцтва, абмен вопытам і практыкамі.

На форуме будуць прэзентаваныя вынікі даследаванняў праваабарончага сектара Беларусі, асобная ўвага будзе нададзеная абмеркаванню Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.

Падчас пленарных пасяджэнняў запланаваныя дыскусіі "Куды мы ідзем: варыянты развіцця праваабарончага сектара на найбліжэйшыя 5—10 гадоў", "Правы чалавека ў Беларусі ў міжнародным кантэксце".

У межах форуму плануюцца 11 паралельных мерапрыемстваў. Іх удзельнікі абмяркуюць пытанні прававой дапамогі, якая аказваецца праваабарончымі арганізацыямі, салідарнасці падчас рэпрэсій, новых выклікаў для правоў чалавека ў лічбавую эпоху, адукацыі ў сферы правоў чалавека, гендарнай ідэнтычнасці, ацэняць вопыт выкарыстання крытэрыяў вызначэння палітвязняў і дадуць ацэнку савецкім рэпрэсіям як аснове сённяшніх парушэнняў правоў чалавека. Асобная ўвага будзе нададзеная грамадскім праваабарончым кампаніям і праблемам парушэння правоў чалавека падчас крымінальнага пераследу за распаўсюджванне наркотыкаў.

Падчас форуму адбудзецца прэзентацыя кніжнай серыі "Беларуская турэмная літаратура" і турэмнага дзённіка Дзмітрыя Дразда, будзе дзейнічаць майстэрня школы лічбавай бяспекі Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Паводле вынікаў працы форуму плануецца прыняць рэзалюцыю.

У аргкамітэт форуму ўваходзяць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна", ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", ДУ "Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозскава", ВУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр", камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", асветная ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі".

Першы Беларускі праваабарончы форум адбыўся ў 2004 годзе пад Мінскам, другі і трэці (у 2010 і 2013 гадах) — у Вільнюсе.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239