Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925263_225896/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:53
17.10.2017 13:02 Эканоміка, Грамадства

Змена працэдур прызначэння і правядзення праверак істотна не палепшыць бізнес-клімат у краіне, лічыць эксперт

Мінск, 17 кастрычніка. Змена працэдур прызначэння і правядзення праверак, хай нават і ў пазітыўны бок, не можа істотна палепшыць бізнес-клімат у краіне, заявіў БелаПАН кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, каментуючы паведамленне аб падпісанні прэзідэнтам указа № 376 "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці".

"Я не падзяляю таго аптымізму, якім новы нарматыўны акт сустрэлі прадстаўнікі дзяржавы і некаторыя эксперты", — сказаў Балыкін.

Ён адзначыў, што нарматыўны акт яшчэ не апублікаваны, апублікаваныя толькі афіцыйныя каментары. "Упэўнены, і практыка гэта паказвае, што пасля апублікавання ў ім выявяцца падводныя камяні, пра якія пакуль нічога не гаварылася", — сказаў эксперт.

Паводле слоў Балыкіна, несумненна, паляпшаць працэдуру прызначэння і правядзення праверак важна і трэба. "Крыху скараціць паўнамоцтвы правяральшчыкаў і ўсталяваць для іх адказнасць заўсёды карысна. І скараціць колькасць праверак таксама не зашкодзіць. Аднак для бізнесу страшныя не праверкі самі па сабе, а тое, што ў любым выпадку кантралёры знойдуць якія-небудзь парушэнні і, хутчэй за ўсё, на прадпрыемства будуць накладзеныя санкцыі", — сказаў кіраўнік АМіСП.

Таму, як заявіў эксперт, заканадаўства, якое рэгулюе прадпрымальніцкую дзейнасць, як раз і мае патрэбу ў першачарговых і вельмі сур'ёзных зменах.

"На жаль, нягледзячы на ўсе спробы яго палепшыць, гаспадарчае заканадаўства застаецца супярэчлівым і заблытаным, і нярэдка, каб выканаць адны нормы, даводзіцца парушаць іншыя", — адзначыў эксперт.

Першай праблемай ён назваў падатковае заканадаўства. "Падатковы кодэкс дае права фіскальным органам накладаць санкцыі без суда і без суда спісваць грашовыя сродкі з рахункаў суб'ектаў гаспадарання. І бізнес зусім не ратуе фармальная забарона прыпыняць дзейнасць прадпрыемства, бо калі рахункі перакрытыя і выручка, што паступае, наўпрост спісваецца ў бюджэт, весці дзейнасць проста немагчыма", — канстатаваў кіраўнік АМіСП.

Нядобрым словам, адзначыў Балыкін, "можна ўспомніць указ № 488 аб барацьбе з "аднадзёнкамі", які даў права фіскальным органам без рашэння суда прызнаваць, што першасныя ўліковыя дакументы не маюць юрыдычнай сілы, і дадаткова налічваць падаткі суб'ектам гаспадарання заднім днём".

"Такія прыклады можна прыводзіць бясконца, — сказаў эксперт. — Таму калі дзяржава сур'ёзна зацікаўленая ў лібералізацыі эканомікі і развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы, яна павінна не толькі паляпшаць працэдуры праверак, але і комплексна прыбіраць бар'еры на шляху бізнесу, якія, дарэчы, яно да гэтага гэтак упарта ўзводзіла".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН