Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925275_458967/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 09:20
17.10.2017 13:39 Грамадства

Канчатковая прычына смерці салдата Генадзя Сарокіна ў вайсковай часці ў Бярозе пакуль не ўстаноўленая

Мінск, 17 кастрычніка. Канчатковая прычына смерці салдата тэрміновай службы 23-гадовага Генадзя Сарокіна ў вайсковай часці 48684 у Бярозе (Брэсцкая вобласць) пакуль не ўстаноўленая — прызначаная дадатковая экспертыза, паведаміў БелаПАН яго брат Аляксей Сарокін.

Генадзь Сарокін загінуў 2 верасня. Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці. Сваякі Генадзя звяртаюць увагу на тое, што да прызыву ў армію ў яго былі праблемы са здароўем.

Сарокін скончыў універсітэт, паводле размеркавання працаваў інжынерам на Мінскім маторным заводзе, аднак праз тры месяцы адправіўся служыць. Курс маладога байца прайшоў у Баранавічах, там жа прыняў прысягу. Затым яго на месяц адправілі ў Брэст, а далей малады чалавек праходзіў службу ў вайсковай часці 48684 у Бярозе.

"Летам яны траву касілі вакол базы, збіралі рукамі дзьмухаўцы, бялілі бардзюры. Потым яго сталі адпраўляць у баявое дзяжурства на вышцы. Там ён і памёр", — расказаў брат загінулага.

Сваякам салдата паведамілі, што 2 верасня Генадзь заступіў на пост у 13.00, праз дзве гадзіны яго павінен быў змяніць напарнік. Кожныя паўгадзіны салдаты па рацыі павінны дакладваць пра становішча. Апошні раз Сарокін выйшаў на сувязь у 14.30. Яго цела знайшоў напарнік, які павінен быў наступным заступаць на дзяжурства. Медыкі, якія прыбылі, у 15.08 канстатавалі смерць. Родным патэлефанавалі блізу 17.00. У 20.00 сваякі ўжо былі ў вайсковай часці, але ім сказалі, што Генадзя знялі з вышкі і адвезлі ў морг. "Нас у морг не пусцілі, — тлумачыць Аляксей Сарокін. — Нам сказалі, што працоўны дзень скончаны, лекар пайшоў, таму нас ніхто не пусціць. Два дні мы сядзелі ў незнаёмым горадзе, да панядзелка, у поўным няведанні. Гэта быў горшы час для нас".

Паводле слоў брата, першапачаткова ў дакументах пазначана, што прычынай смерці стаў тромб, які адарваўся. "Але калі правялі анатамаванне, прыйшлі да высновы, што тромба не магло быць, бо сэрца і сасуды ў норме. Спецыялісты ўзялі ўзоры для больш глыбокага вывучэння, але папярэдняй прычынай смерці назвалі эпілепсію і моцныя сутаргі. Для нас гэта стала поўнай нечаканасцю, таму што ў Гены ніколі не было такіх праблем", — паведаміў Аляксей Сарокін.

Сваякі загінулага сцвярджаюць, што ў яго былі нелады з сэрцам — тахікардыя. "У медыцынскіх картках ёсць кардыяграмы, якія гэта пацвярджаюць. Мы лічым, ён наогул не павінен быў служыць, незразумела, як яго прызналі прыдатным. Акрамя таго, ёсць пытанні да таго, як аказвалася першая дапамога. На жаль, следчы ад нас толькі адмахваецца, нам нічога не тлумачаць", — адзначыў брат.

Паводле яго слоў, Генадзь на службу асабліва не скардзіўся: "Такой дзедаўшчыны, як у Печах, у іх не было (паведамленні аб дзедаўшчыне з'явіліся пасля таго, як у вайсковай часці пад Барысавам знайшлі павешанымі двух салдат. — БелаПАН.)".

Родныя Сарокіна напісалі заяву ў Следчы камітэт, па справе праводзіцца праверка, падрабязных звестак экспертызы пакуль не паступала.

"Мы хочам пачуць адказ, чаму памёр Гена, — падкрэсліў Аляксей Сарокін. — Два месяцы яму заставалася адслужыць, у яго былі планы на будучыню. Так не бывае, каб чалавек проста так памёр, яму ж усяго 23 гады было".

Пра смерць Генадзя Сарокіна стала вядома праз месяц. Сваякі адважыліся расказаць пра гэта, калі даведаліся пра трагедыі ў Печах, дзе за паўгода павешанымі знайшлі двух салдат. Ні Следчы камітэт, ні Міністэрства абароны аператыўна не паведамлялі, што 2 верасня ў вайсковай часці ў Бярозе загінуў салдат. Гэты факт у названых ведамствах пацвердзілі толькі пасля таго, як пра смерць Генадзя паведамілі яго родныя.
Адар'я Гуштын, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239