Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925318_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 08:17
17.10.2017 15:41 Грамадства

У справе аб гібелі радавога Коржыча ў Печах ужо восем падазроных

Мінск, 17 кастрычніка. Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч, крымінальная справа аб гібелі радавога Аляксандра Коржыча ў вайсковай часці ў Печах прынятая да вытворчасці галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата СК.

У ходзе ўстанаўлення абставінаў гібелі Коржыча Следчым камітэтам атрыманая інфармацыя аб учыненні шэрагу воінскіх злачынстваў, сказаў Кабаковіч. Распачата восем крымінальных спраў у дачыненні да васьмі ваеннаслужачых па артыкулах 443, 455, 209 КК.

"Праводзяцца следчыя дзеянні, накіраваныя на вывучэнне сітуацыі ў цэлым. Сярод разгляданых следствам пытанняў — выкананне службовымі асобамі 72-га Аб`яднанага навучальнага цэнтра абавязкаў па выкананні законнасці і папярэджанні правапарушэнняў. У сукупнасці будзе дадзена крымінальна-прававая ацэнка, у тым ліку бяздзейнасці вышэшых камандзіраў, іншых кіраўнікоў у навучальным цэнтры і вайсковых частках, якія ўваходзяць у яго склад", — сказаў Кабаковіч.

Зараз у ліку падазроных сем малодшых камандзіраў (сяржанты), а таксама старшына роты. Да ўсіх прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, рыхтуюцца матэрыялы для прад`яўлення ім абвінавачвання.

Пяць сяржантаў затрыманыя 13 і 14 кастрычніка па падазрэнні ва ўжыванні фізічнага насілля ў дачыненні да падначаленых курсантаў і сістэматычным атрыманні ад іх цыгарэт і прадуктаў харчавання. Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 455 КК.

Крымінальныя справы прынятыя для расследавання галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта і аб`яднаныя ў адну вытворчасць. Для ўстанаўлення ўсіх абставінаў учыненых злачынстваў створаная следчая група.

Цяпер з мэтай высвятлення абставінаў гібелі радавога Коржыча следчымі праводзяцца допыты, вочныя стаўкі, чакаюцца вынікі шэрагу экспертных даследаванняў.

Нагадаем, 21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе ў вайсковай часці ў Печах. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвало суіцыд.

Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі пра гвалтоўны характар смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі здарэння: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Загадам міністра абароны за непрыняцце вычарпальных мер па падтрыманні статутнага парадку адхіленыя ад пасады пяць службовых асоб 72-га Аб`яднанага навучальнага цэнтра, уключаючы камандзіра вайсковай часткі, дзе праходзіў службу вайсковец. Чацвёра службовых асоб звольненыя з Узброеных сіл.

Сітуацыя вакол гібелі радавога Коржыча знаходзіцца на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239