Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925339_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:58
17.10.2017 17:39 Грамадства

Па справе аб смерці радавога Коржыча затрымана ўжо 10 чалавек

Мінск, 17 кастрычніка. Па справе аб смерці ў Печах радавога Аляксандра Коржыча затрымана ўжо дзесяць чалавек, у тым ліку два афіцэры. Усе яны ўзятыя пад варту.
Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі падчас вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы "ўстаноўленыя факты бяздзейнасці афіцэраў вайсковай часці, у якой праходзіў службу загінулы радавы 21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч", паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч.

Паводле яго слоў, камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння, і яго намеснік, капітан 1989 год нараджэння, "пэўна ведаючы пра ўчыненне прапаршчыкам злачынства ў дачыненні да Коржыча А.А.,наўмысна бяздзейнічалі з мэтай стварэння бачнасці паспяховасці ў падраздзяленні перад вышэйшым камандаваннем". Афіцэры не жадалі прымаць меры па падтрыманні ўнутранага парадку з мэтай мінімізацыі сваёй службовай нагрузкі, адзначыў прадстаўнік СК.

Акрамя таго, пасля таго, як Коржыч у адпаведнасці з загадам камандзіра вайсковай часці лічыўся, што прыбыў з медыцынскай роты, 23-гадовы камандзір роты не цікавіўся месцам фактычнага знаходжання радавога, паведаміў Кабаковіч. Пры гэтым, у адпаведнасці з арт. 131 Статута ўнутранай службы, камандзір роты быў абавязаны весці ўлік асабістага складу роты і падтрымліваць вайсковую дысцыпліну. У адпаведнасці ж з арт. 133 Статута, намеснік камандзіра роты па ідэалагічнай працы быў абавязаны прымаць эфектыўныя меры па папярэджанні правапарушэнняў, а таксама адказваў за маральна-псіхалагічны стан асабовага складу.

Гэтыя факты сталі падставай для распачынання галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта крымінальных спраў у дачыненні да афіцэраў па ч. 3 арт. 455 КК (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), якія далучаныя да асноўнай справы аб здарэнні ў Печах, сказаў прадстаўнік СК. Да падазроных ужытая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Раней паведамлялася, што ў ліку падазроных па гэтай справе затрыманыя сем малодшых камандзіраў (сяржанты), а таксама старшына роты. Да ўсіх прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, рыхтуюцца матэрыялы для выстаўлення ім абвінавачвання.

Пяць сяржантаў былі затрыманыя 13 і 14 кастрычніка па падазрэнні ва ўжыванні фізічнага насілля ў дачыненні да падначаленых курсантаў і сістэматычным атрыманні ад іх цыгарэт і прадуктаў харчавання. Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 455 КК.

Крымінальныя справы прынятыя для расследавання галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта і аб`яднаныя ў адну вытворчасць. Для ўстанаўлення ўсіх абставінаў злачынстваў створаная следчая група.

21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе ў вайсковай частцы ў Печах. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд.

Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі здарэння: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239