Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925343_123456/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:33
17.10.2017 18:27 Эканоміка

Зіноўскі: Выкананне ўстановак прэзідэнта па эканамічным развіцці ідзе з апярэджаннем

Мінск, 17 кастрычніка. Рост ВУП па выніках 2017 года можа скласці больш за 1,7%, заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі 17 кастрычніка на пасяджэнні прэзідыума ўрада, прысвечаным вынікам працы эканомікі ў студзені—верасні.

"Выкананне мэтавага ўзроўню ВУП 101,7% дасягальнае. Пры добрай мабілізацыі гэты паказчык можа скласціся нават вышэй. Галоўнае — не змяншаць абароты і падцягнуць некаторыя напрамкі, асабліва ў будаўнічай галіне", — цытуе міністра прэс-служба Мінэканомікі.

Міністр падкрэсліў, што тэмпы росту ВУП па выніках дзевяці месяцаў склалі 101,7%, інфляцыя склалася на ўзроўні 2,7%. "З сямі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацбанка выканана шэсць. Па сёмаму — рэальнаму даходу насельніцтва — ёсць добрая дынаміка. Амаль па ўсіх параметрах ідзём з апярэджаннем. Такая сітуацыя з выкананнем установак кіраўніка дзяржавы адзначаецца ўпершыню з 2008 года", — сказаў Зіноўскі.

Паводле слоў міністра, эканоміка выйшла на траекторыю аднаўленчага росту ў бяспечных з пункту гледжання макраэканамічнай збалансаванасці параметрах. Кіраўнік ведамства адзначыў, што гэтыя вынікі былі дасягнутыя эвалюцыйным шляхам — на аснове росту прадукцыйнасці працы, зніжэння банкаўскіх ставак і аднаўлення экспарту. "Мы не звярталіся да інструментаў штучнага разагрэву эканомікі", — падкрэсліў чыноўнік.

Міністр паведаміў, што галоўным драйверам росту эканомікі засталася прамысловасць, аднак у цэлым ўсе галіны, за выключэннем будаўніцтва, "выйшлі на мэтавыя задачы".

"Аднак хачу засцерагчы ад залішняй самазаспакоенасці. Год яшчэ не скончаны. Існуе шэраг рызык. Найперша павінны быць безумоўна выкананыя ўсе абавязацельствы, узятыя на сябе міністрамі і губернатарамі. А там, дзе ў галінах застаюцца рэзервы, неабходна яшчэ дадаць. Ні для каго не сакрэт, што мы разглядаем гэты год з пункту гледжання выканання задач пяцігодкі. Менавіта таму сёння важна зрабіць усё неабходнае па фарміраванні базы для паспяховага старту наступнага года", — заявіў міністр эканомікі.

Ён таксама звярнуў увагу, што Расія палепшыла ацэнку свайго развіцця ў гэтым годзе і прагноз на наступны год, што стварае дадатковыя магчымасці для Беларусі ў выглядзе пашыранага рынку, які дазваляе дадаткова павялічыць аб'ёмы экспарту ў 2018 годзе.

Міністр паведаміў, што сітуацыя з выкананнем заданняў Саўміна ў рэгіёнах не змянілася: мэтавыя паказчыкі па валавому рэгіянальнаму прадукту выконваюцца толькі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, а таксама ў Мінску. "Вопыт працы па падрыхтоўцы праграмы Аршанскага раёна выявіў сістэмныя праблемы ў планаванні. Таму Мінэканомікі ўжо цяпер пачало распрацоўку праектаў планаў развіцця абласцей, а таксама ўпершыню — планаў развіцця раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання на 2018 год. У іх аснову пакладзены галіновы падыход з улікам бізнес-планаў прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на пэўнай тэрыторыі. Гэта дазволіць узнавіць скразную і больш дакладную сістэму планавання па схеме: прадпрыемства — раён — вобласць — краіна", — адзначыў Зіноўскі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН