Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925406_123456/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:34
17.10.2017 20:15 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Кабякоў: Узровень зарплаты ў Беларусі пакуль ніжэйшы, чым прадугледжана планам-графікам па выхаду да канца года на 1 тысячу рублёў

Мінск, 17 кастрычніка. Узровень намінальнай заработнай платы ў Беларусі пакуль ніжэйшы, чым прадугледжана планам-графікам па выхаду да канца года на 1 тысячу беларускіх рублёў, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 17 кастрычніка на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.

За жнівень сярэдняя заработная плата склала 844 рублі 40 капеек (згодна з графікам меркавалася 896 рублёў). Найбольшае адставанне па Віцебскай вобласці — на 115 рублёў.

Рэальная заработная плата ў Беларусі за восем месяцаў перавысіла ўзровень аналагічнага леташняга перыяду на 3,2%. Гэта адпавядае росту прадукцыйнасці працы па ВУП (103,2%). Амаль дасягнуты ўзровень мінулага года па росце рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва (99,9% за 8 месяцаў 2017 года). "Кіраўніку дзяржавы ўнесена прапанова аб павышэнні пенсій па ўзросце", — прыводзіць словы Кабякова прэс-служба ўрада.

"У рэальным сектары рост заработнай платы павінен забяспечвацца выключна ростам прадукцыйнасці працы. Звяртаю на гэта асаблівую ўвагу. Рэзервы росту заработнай платы — у эфектыўнай рабоце арганізацый рэальнага сектара", — падкрэсліў кіраўнік урада.

Таксама, паводле яго слоў, урад найбліжэйшым часам разгледзіць прапановы па зарплаце для некаторых катэгорый бюджэтнікаў. "Асноўныя рашэнні па заработнай плаце ў дзяржсектары прынятыя. Павялічана стаўка першага тарыфнага разраду бюджэтнікам, выраслі зарплаты ў дзяржслужачых, ваеннаслужачых. Па нізкааплатных катэгорый работнікаў бюджэтнай сферы — дадаткова разгледзім найбліжэйшым часам", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Як паведамлялася раней, зарплата бюджэтнікаў у Беларусі ў 1,4 разу меншая, чым сярэдняя па краіне. Па планах урада, сярэдняя зарплата бюджэтнікаў у 2018 годзе павінна скласці не менш як 750—760 рублёў.

Наведваючы 11 жніўня Брэст, Лукашэнка заявіў, што прадпрыемствы з нізкім заробкам неабходна у 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тыс. рублёў. Калі гэта будзе выканана, то сярэдні заробак па краіне ў наступным годзе можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў. "Мы адну тысячу рублёў будзем мець, але гэта будзе сярэдні заробак. Ёсць прадпрыемствы, якія гэтую сярэднюю зарплату цягнуць уверх, гэта добра. Але палова, можа, крыху менш, прадпрыемстваў, дзе мы не дацягваем да гэтага ўзроўню, і наогул там зарплата невялікая. За 2018—2019 гады, асабліва за 2018 год, мы бяромся за тыя прадпрыемствы, на якіх мала зарабляюць, каб іх падцягнуць да тысячы рублёў", — даручыў беларускі кіраўнік.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН