Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/17/925413_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 02:45
17.10.2017 20:51 Грамадства

З арміі звольнены камандзір часці ў Печах, дзе служыў загінулы Аляксандр Коржыч

Мінск, 17 кастрычніка. У ходзе праверкі ваенным ведамствам стану правапарадку ў 72-м Аб`яднаным навучальным цэнтры за непрыняцце мер па прадухіленні гібелі асабістага складу, падтрыманні ўнутранага парадку загадам міністра абароны звольнены з Узброеных сіл камандзір вайсковай часці — начальнік школы, у якой праходзіў службу радавы Аляксандр Коржыч, паведамляецца на сайце Міністэрства абароны Беларусі.

21-гадовага Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай у склепе ў вайсковай часці ў Печах. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд.

Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі трагедыі: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Паводле даных на 17 кастрычніка па "справе Коржыча" ўжо заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння і яго намеснік капітан 1989 года нараджэння, сем сяржантаў і прапаршчык.

"Праверка працягваецца. Абавязкова будзе забяспечана не толькі няўхільнасць пакарання ў адпаведнасці з заканадаўствам вінаватых асоб за ўчыненне правапарушэнняў, але і службовых асоб — за непрыняцце мер па падтрыманні дысцыпліны", — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН