Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/18/925436_478569/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 02:41
18.10.2017 10:10 Грамадства

Ад выканання службовых абавязкаў адхіленыя першы намеснік начальніка 72-га АНЦ і начальнік медыцынскай службы цэнтра

Мінск, 18 кастрычніка. Сярод адхіленых ад выканання службовых абавязкаў па справе аб гібелі салдата ў Печах — начальнік штаба — першы намеснік начальніка 72-га Аб'яднанага навучальнага цэнтра Узброеных сіл і начальнік медыцынскай службы цэнтра, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Праверка ў 72-м АНЦ працягваецца. "Адначасова ваенным ведамствам ажыццяўляецца комплекс мер, скіраваных на недапушчэнне здарэнняў", — гаворыцца ў паведамленні.

Шэраг службовых асоб цэнтра былі звольненыя з Узброеных сіл за непрыняцце мер па прадухіленні гібелі вайскоўца, у тым ліку начальнік 3-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў, начальнік штаба — першы намеснік начальніка школы, камандзір вучэбнай роты, старшына медыцынскай і старшына вучэбнай рот.

Радавога 21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і апранутай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе медроты. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд.

Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Згодна са звесткамі на 17 кастрычніка, па "справе Коржыча" ўжо заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння, і яго намеснік, капітан 1989 года нараджэння, сем сяржантаў і прапаршчык.

Пяць сяржантаў былі затрыманыя 13 і 14 кастрычніка паводле падазрэння ў выкарыстанні фізічнага гвалту ў дачыненні да падначаленых курсантаў і сістэматычным атрыманні ад іх цыгарэт і прадуктаў харчавання. Іх дзеянні кваліфікаваныя на падставе ч. 2 арт. 455 КК.

Прапаршчык падазраецца ў махлярстве.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН