Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/18/925466_669988/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 08:09
18.10.2017 11:53 Эканоміка, Фінансы

Падчас візіту місіі МВФ пытанне аб крэдытнай праграме для Беларусі разглядацца не будзе

Мінск, 18 кастрычніка. Падчас візіту ў Мінск місіі Міжнароднага валютнага фонду пытанне аб крэдытнай праграме для Беларусі разглядацца не будзе, заявіў журналістам 18 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, адказваючы на пытанне БелаПАН.
Штогадовая місія МВФ у межах кансультацый па артыкуле IV статута фонду будзе працаваць у Мінску з 26 кастрычніка па 10 лістапада.

"Місія МВФ будзе штогадовая, планавая, — сказаў Калаур. — Мы, безумоўна, будзем разглядаць у цэлым макраэканамічную сітуацыю ў краіне, будзем разглядаць тыя змены, якія адбываліся на працягу гэтага года, а таксама планы, якія мы акрэслілі на пяць гадоў".

"Што да канкрэтнай праграмы, якая магла б падтрымаць фінансава змены, што адбываюцца ў краіне, то падчас працы гэтай місіі МВФ гэтае пытанне не плануецца да разгляду", — дадаў кіраўнік Нацбанка.

Як растлумачыў Калаур, праграма прадугледжвала фінансавую падтрымку канкрэтных змен у беларускай эканоміцы, "якія, уласна кажучы, вызначаныя пяцігадовай праграмай" (сацыяльна-эканамічнага развіцця).

"Так, мы разышліся па вызначэнні хуткасці гэтых змен, у прыватнасці па тарыфах (на паслугі ЖКГ. — БелаПАН.). У пятніцу будзе вялікая нарада па жыллёва-камунальнай сферы, дзе гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца", — паведаміў старшыня праўлення Нацбанка.

У канцы 2015 года ўрад Беларусі запытаў у МВФ новы крэдыт на 3 млрд долараў пад 2,28% гадавых на 10 гадоў. Фонд звязаў даванне крэдыту з правядзеннем комплексу рэформаў у фінансавым сектары і сектары дзяржпрадпрыемстваў. Паводле ацэнкі МВФ, Беларусі неабходна рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць рэструктурызацыю і прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў з мэтай павышэння іх эфектыўнасці. Таксама фонд рэкамендуе перагледзець сістэму карпаратыўнага кіравання дзяржсектарам і паскорыць павышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ.

20 ліпеня 2017 года афіцыйны прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй заявіў, што перамовы з Беларуссю па новай крэдытнай праграме прыпыненыя "ў чаканні выразнай падтрымкі неабходных зменаў на высокім узроўні, якія тычацца камунальнай гаспадаркі і сектара дзяржаўных прадпрыемстваў".

28 верасня на Беларускім інвестыцыйным форуме першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч заявіў, што ўлады Беларусі пакуль не плануюць накіроўваць запыт аб працягу перамоў з МВФ. Ён удакладніў, што праца над праграмай прыпыненая, таму што яна "фактычна гатовая і перамовы па ёй завершаныя". "Ёсць разыходжанні ў пазіцыях, і гэтыя разыходжанні мы працягваем збліжаць, зараз кожны ў сваёй частцы. Аднаўленне будзе магчымае толькі пасля таго, як мы зробім запыт аб працягу праграмы і правядзем шэраг спецыяльных дзеянняў, выкананне якіх прадугледжанае праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця", — растлумачыў Ермаловіч.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239