Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/18/925504_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 17:01
18.10.2017 13:40 Грамадства

Міністр абароны Раўкоў: Не павінна быць смерцяў вайскоўцаў у мірны час

Мінск, 18 кастрычніка. Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў выказаў спачуванні сваякам загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча.

"Я выказваю глыбокія спачуванні бацькам загінулага Аляксандра Коржыча. Ніякімі словамі нельга паменшыць боль ад трагедыі. Цяпер самае галоўнае — аднавіць поўную карціну таго, што здарылася", — цытуе Раўкова дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Міністр назваў армію "школай для маладых людзей", а таксама заявіў, што "ў вайсковым калектыве не павінна быць халатнасці і баязлівасці". "Камандзіры і начальнікі павінны адказваць за падначаленых. Не павінна быць смерцяў вайскоўцаў, асабліва тэрміновай службы ў мірны час", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Раўкова, пазіцыя Мінабароны застаецца нязменнай — няўхільнасць пакарання. "Гэта павінна быць і ў дачыненні да непасрэдна вінаватых, і тых службовых асоб, якія сваімі дзеяннямі, бяздзейнасцю, абыякавасцю прывялі да гэтай сітуацыі", — сказаў ён.

Звяртаючыся да бацькоў, чые сыны служаць або будуць служыць ва Узброеных сілах Беларусі, Раўкоў сказаў: "Калі вы прыязджаеце на прысягу, звярніце ўвагу, што кажуць камандзіры вайсковых часцей. Яны скажуць, што рабіць у дачыненні да сваіх дзяцей, каб служба прайшла без праблем. Узаемасувязь бацькоў з вайсковай часткай павінна быць пастаяннай". Калі даверу да кіраўніцтва вайсковых часцей няма, у сваякоў заўсёды ёсць магчымасць прыйсці на прыём да міністра або звярнуцца ў іншыя органы, дадаў кіраўнік Мінабароны.

Ён таксама паведаміў, што ў вайсковай частцы 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра, дзе служыў радавы Коржыч, пачалася "рэалізацыя мер кадравага, тэхнічнага, арганізацыйнага характару". "Гэтае пытанне кардынальна вызначым у найбліжэйшым часе", — сказаў Раўкоў.

21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе медроты. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд. Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі пра гвалтоўны характар смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі здарэння: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Паводле даных на 17 кастрычніка, па справе Коржыча ўзятыя пад варту ўжо 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння, і яго намеснік, капітан за 1989 год нараджэння, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцце мер па прадухіленні гібелі радавога з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы. Расследаванне справы знаходзіцца на кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі.

На мінулым тыдні на сайце zvarot.by пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй за адстаўку Раўкова з пасады міністра абароны. Праз некалькі дзён доступ да сайта быў заблакаваны. Не працуе ён і цяпер.

З 16 кастрычніка збор подпісаў за адстаўку Раўкова ў межах кампаніі "Не — дзедаўшчыне" праводзяць актывісты правацэнтрысцкай кааліцыі (Аб'яднаная грамадзянская партыя, рух "За Свабоду" і аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя").
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239