Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/18/925537_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:39
18.10.2017 15:07 Грамадства

На 24 кастрычніка прызначаны суд аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення

Мінск, 18 кастрычніка. На 24 кастрычніка прызначанае судовае пасяджэнне, на якім будзе вырашацца пытанне аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Судовы працэс пройдзе на тэрыторыі калоніі № 9 у Горках, дзе знаходзіцца Жамчужны, якога беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем.

Паведамляецца, што з моманту пераводу ў калонію ў Горках у жніўні гэтага года Жамчужны атрымаў ужо восем спагнанняў у выглядзе змяшчэння ў СІЗА і памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

"Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў горацкую калонію, дзе пры папушчальніцтве адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізаваная кампанія яго цкавання, звязаная з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін, — гаворыцца ў паведамленні на праваабарончым сайце. — Спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках выносіць Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны з заключаных з "нізкім статусам", расцэньваючы гэта як непадпарадкаванне. Пры гэтым у сваіх тлумачальных, якія палітвязень дае падчас атрымання спагнанняў, ён паказвае на сапраўдныя прычыны адмоў".

За апошні час былі праведзеныя дзве праверкі ўмоў утрымання Жамчужнага: прадстаўнікамі дэпартамента выканання пакаранняў і пракуратуры. Аднак правяраючых цікавілі пытанні, якія тычацца якасці харчавання, медыцынскага абслугоўвання, быту, а праблемы, звязаныя з кампаніяй цкавання і націскам, не закраналіся.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 29 верасня, за некалькі дзён да заканчэння тэрміну знаходжання ў ПКТ, Жамчужнага выклікаў супрацоўнік аператыўнай часткі калоніі і сказаў напісаць абагульненае пісьмовае тлумачэнне таго, што з ім адбываецца. Праз тры дні пасля гэтага Жамчужны быў выкліканы да начальніка аператыўнага аддзела, які папярэдзіў аб ініцыяванні яго пераводу на турэмны рэжым зняволення.

"10 кастрычніка Жамчужнага даставілі ў памяшканне калоніі, дзе праходзілі працэсы над вязнямі выязнога суда Горак. Тое, што ў той дзень павінен адбыцца судовы працэс па пераводзе яго ў турму, Жамчужны даведаўся толькі на месцы. Палітвязень адмовіўся ўдзельнічаць у судзе і запатрабаваў забяспечыць яму абарону. Жамчужнаму прапанавалі скарыстацца паслугамі горацкага адваката, але ён адмовіўся і запатрабаваў удзелу ў працэсе адваката, з якім у палітвязня заключаны дагавор. Пасля гэтага яго вярнулі ў камеру", — паведамляе spring96.org.

Пакуль прадстаўленне адміністрацыі калоніі аб пераводзе Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення не бачыў ні сам зняволены, ні яго абаронца. Вядома, што Жамчужны мае намер выказаць нязгоду з пераводам у турму, тлумачачы гэта тым, што непадпарадкаванне, за якое выносяцца сістэматычныя спагнанні, — вымушанае, накіраванае на абарону гонару і годнасці. Ён мае намер абскардзіць спагнанні ў судовым парадку.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа" (папярэдніца "Платформ інавейшн" і "Нью Платформ Інавейшн"). Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалашэнню звестак, якія ўяўляюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Жамчужны утрымліваўся ў калоніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Мінскай вобласці), затым у калоніі № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). 10 ліпеня палітвязень быў пераведзены ў Горкі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239