Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/18/925567_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:32
18.10.2017 17:53 Грамадства

Кабякоў: Вучэнні па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі прадугледжваюць практычна немагчымы сцэнарый падзей на БелАЭС

Мінск, 18 кастрычніка. У аснову камандна-штабных вучэнняў па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі, якія праходзяць 18—19 кастрычніка ў Беларусі, закладзены практычна немагчымы пазапраектны сцэнарый развіцця падзей на БелАЭС, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у сераду на пасяджэнні урадавай камісіі па надзвычайных сітуацыях.

Пасяджэнне камісіі стала пачаткам вучэнняў, якія праходзяць у розных рэгіёнах краіны, паведамляе прэс-служба Савета міністраў. Да іх прыцягнутыя розныя дзяржорганы, у першую чаргу, задзейнічаныя ў дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Паводле слоў Кабякова, падчас вучэнняў будзе дэталёва вывучаны шэраг пытанняў, у тым ліку якія датычацца работы крызісных цэнтраў, а таксама ўзаемадзеяння з краінамі-суседзямі і міжнароднымі арганізацыямі. З улікам вопыту, атрыманага удзельнікамі трэніроўкі, МНС пасля зможа адкарэктаваць план ахоўных мерапрыемстваў у выпадку радыяцыйнай аварыі на БелАЭС.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што вучэнні праходзяць у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, якія Беларусь узяла на сябе як дзяржава, дзе будуецца атамная станцыя. "Рэалізацыя рэкамендацый МАГАТЭ ў сферы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі выкананая ў поўнай меры. У адпаведнасці з нормамі бяспекі арганізацыі распрацаваны праект плана ахоўных мерапрыемстваў пры радыяцыйнай аварыі на БелАЭС — знешні аварыйны план. Яго практычная апрабацыя і праходзіць у межах цяперашніх камандна-штабных вучэнняў", — растлумачыў чыноўнік.

На пасяджэнні камісіі таксама былі разгледжаныя пытанні арганізацыі маніторынгу і прагнозу радыяцыйнага становішча; забеспячэння ўстойлівай работы энергасістэмы краіны пры адключэнні генеруючых магутнасцяў; медыцынскай абароны людзей і санітарнага нагляду; працы сельскай гаспадаркі ва ўмовах пагрозы радыеактыўнага забруджвання і кантролю якасці сельгаспрадукцыі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239