Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/18/925593/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 09:01
18.10.2017 18:38 Грамадства, Культура

Алег Трусаў: Апошнія гады былі для ТБМ гадамі цяжкай, але стваральнай працы

Мінск, 18 кастрычніка. Для "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) апошнія гады адзначыліся цяжкай, але стваральнай працай у Мінску і рэгіёнах краіны, паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў у справаздачным дакладзе аб дзейнасці грамадскага аб'яднання ў 2015—2017 гадах, апублікаваным на сайце арганізацыі.

Паводле слоў кіраўніка аб'яднання, найбольш актыўна праявілі сябе актывісты з Асіповічаў, Баранавічаў, Валожына, Віцебска, Гомеля, Гродна, Івянца, Ліды, Магілёва, Наваполацка, Паставаў, Полацка, Пружанаў, Шаркаўшчыны, мястэчка Падсвілле, а таксама Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў Мінска.

"У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Мінску, — адзначыў Трусаў. — Была створана новая суполка ТБМ у Скідзелі, аднавіла сваю дзейнасць Стаўбцоўская арганізацыя ТБМ. Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас хвалюе сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Брэсце, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Навагрудку, Мазыры і Нясвіжы".

"Нягледзячы на неаднаразовыя абяцанні сябра Рады ТБМ Аляксандра Меха аднавіць дзейнасць Кобрынскай раённай арганізацыі, а таксама стварыць і зарэгістраваць Брэсцкую абласную арганізацыю ТБМ, ім нічога не было зроблена ў гэтым накірунку", — канстатаваў старшыня аб'яднання.

Трусаў паведаміў, што, па стане на 15 кастрычніка, ТБМ налічвае 6.401 члена, з якіх у Мінску — 2.502 чалавекі, Мінскай вобласці — 735, Гродзенскай — 909, Брэсцкай — 536, Гомельскай — 420, Віцебскай — 752, Магілёўскай — 235, а па-за межамі Беларусі — 312 чалавек.

Старшыня ТБМ выступіць са справаздачным дакладам на XIII з'ездзе аб'яднання, які адбудзецца 29 кастрычніка ў Мінску.

"Таварыства беларускай мовы" было заснавана ў 1989 годзе дзеля падтрымкі і развіцця беларускай мовы і культуры, а таксама абароны лінгвістычных праў грамадзян. Аб'яднанне праводзіць грамадскія кампаніі ў абарону беларускай мовы; юрыдычна дапамагае ахвярам дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце; распрацоўвае законапраекты, накіраваныя на раўнапраўнае суіснаванне дзяржаўных моў; выдае два штотыднёвікі і часопіс на тэмы беларускай мовы, культуры і моўных правоў; арганізоўвае тэматычныя моўныя семінары, канферэнцыі, спаборніцтвы і святкаванні.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239