Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/18/925600/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2019 01:51
18.10.2017 19:59 Грамадства

У Беларусі наспеў час стварыць сістэму прыватнай беларускамоўнай адукацыі, лічыць старшыня ТБМ

Мінск, 18 кастрычніка. У Беларусі патрэбна стварыць сістэму прыватнай адукацыі на беларускай мове, адзначыў старшыня грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алег Трусаў у сваім справаздачным дакладзе за 2015—2017 гады, апублікаваным на сайце арганізацыі.

Справаздачны даклад кіраўнік ТБМ прадставіць на XIII з'ездзе аб'яднання 29 кастрычніка ў Мінску.

"Паколькі ўлады Беларусі не спяшаюцца рэальна пашыраць ужыванне беларускай мовы, асабліва ў сферы адукацыі, наспеў час стварыць у краіне сістэму прыватнай беларускамоўнай адукацыі ад дзіцячых садкоў да нацыянальнага ўніверсітэта з дапамогай уласных сродкаў, — лічыць Трусаў. — Нам патрэбныя прыватныя беларускамоўныя школы і асабліва гімназіі, дзе будуць вучыцца па-беларуску нашыя дзеці і ўнукі за нашыя грошы ў лепшых умовах, чым у дзяржаўных школах і гімназіях, дзе ўжо шмат год назіраецца дэградацыя сістэмы навучання".

Ён звярнуў увагу на тое, што, паводле інфармацыі СМІ, апошнім часам у краіне ўзрос попыт на беларускамоўных нянек для маленькіх дзяцей. На яго думку, калі ў бацькоў ёсць магчымасць аплачваць паслугі такіх нянек, то яны "знойдуць іх на беларускамоўную школу ці гімназію, дзе будуць працаваць высокапрафесійныя беларускамоўныя настаўнікі, якія размаўляюць па-беларуску не толькі на ўроках, але і ў сям'і, крамах, транспарце і іншых грамадскіх месцах".

Паводле слоў Трусава, абставіны ўнутры Беларусі і па-за яе межамі за апошнія тры гады рэзка змяніліся: "Пасля анэксіі Крыма і вайны на Данбасе над нашай краінай навісла пагроза страты незалежнасці і пераўтварэння ў чарговую ахвяру так званага рускага міру. У такіх умовах роля працы па пашырэнні беларускай мовы і культуры ва ўсіх сферах жыцця краіны значна ўзрастае, упэўнены кіраўнік ТБМ.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН