Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/20/925874_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 01:03
20.10.2017 13:00 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе ад энергетыкаў разабарацца з фарміраваннем тарыфаў і не "жыраваць" за кошт насельніцтва

Мінск, 20 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны" запатрабаваў разабрацца з фарміраваннем тарыфаў у энергетыцы.

"Вы, Леанід Васільевіч Анфімаў (старшыня Камітэта дзяржкантролю. — БелаПАН.), выявілі ў камунальнікаў рэзервы зніжэння затрат па жыллёва-камунальных паслугах. Але вялікі ўплыў на іх кошт аказваюць энергетыкі. Вы глядзелі, як яны фармуюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць? Разбярыцеся, якія ўстаноўленыя ім заробкі, за што яны ўтрымліваюць свае крутыя санаторыі, базы і іншае", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна ні для каго! І калі такія факты будуць выяўленыя да наступнага вашага ўдакладнення тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую працу. Ён быў туды прызначаны, каб без ведамаснага падыходу вырашыць гэтыя пытанні, раскласці выдаткі свайго ведамства і прыбраць увесь лішні тлушч. Пакуль гэтага не адбываецца", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама адзначыў, што не вырашана пытанне заключэння прамых дагавораў на цеплазабеспячэнне і гарачае водазабеспячэнне паміж пастаўшчыкамі (энергетыкамі) і спажыўцамі гэтых паслуг (насельніцтвам). Паводле яго слоў, Міністэрства энергетыкі настойвае на заключэнні дагавораў паміж энергазабеспячальнымі арганізацыямі і арганізацыямі ЖКГ раёнаў, не жадаючы працаваць з насельніцтвам з-за магчымага зніжэння эканамічных паказчыкаў. "У наяўнасці канфлікт інтарэсаў двух міністэрстваў з-за вузкаведамаснага падыходу. Кабякову і Анфімаву вырашыць гэтае пытанне неадкладна, адназначна, без ведамаснага падыходу", — запатрабаваў прэзідэнт.

На яго думку, некаторыя кіраўнікі раёнаў бачаць у ЖКГ "палачку-ратавалачку, якая дапаможа схаваць любую безгаспадарнасць". "Мне дакладваюць, што многія рашэнні, прынятыя на дзяржаўным узроўні, часцяком ігнаруюцца на месцах. Так, перадача няпрофільных аб`ектаў без забеспячэння іх фінансавання заканадаўча забароненая, але гэтыя факты да гэтага часу маюць месца. Трэба разабрацца і даць вельмі сур`ёзна па руках падобным дзеячам!" — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на выпадкі, калі памяшканні закрытага прадпрыемства аддаюцца на баланс камунальнікаў. "Папярэджваю: гэтыя рэчы будуць разглядацца як сур`ёзныя правапарушэнні", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка перакананы, што любы аб`ект можна зрабіць патрэбным для раёна і прыбытковым, але для гэтага неабходныя капіталаўкладанні. "Таму спачатку падумайце, адкуль узяць сродкі, і прымайце узважанае рашэнне, а не перакладайце адказнасць на камунальнікаў. Камунальным службам катэгарычна забараняецца браць на баланс падобныя прадпрыемствы", — падкрэсліў ён.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239