Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/20/925886_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 09:56
20.10.2017 13:07 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе прывесці ў парадак ліфтавы фонд і разабрацца з якасцю пітной вады

Мінск, 20 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны" запатрабаваў прывесці ў парадак ліфтавай фонд, а таксама разабрацца з якасцю пітной вады.

"Патрабую да 2020 года ўвесь ліфтавай фонд прывесці ў належны тэхнічны стан. Спасылкі на недахоп сродкаў не прымаюцца. Наш завод у Магілёве вырабляе выдатныя сучасныя ліфты. Дамаўляйцеся", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і прамыслоўцы павінны паклапаціцца пра якасць сваёй прадукцыі. "Тэхналогіі ўдасканальваюцца з кожным днём, а тэрміны, напрыклад, эксплуатацыі па-ранейшаму 25 гадоў. Можа, пара падумаць над іх павелічэннем, над павышэннем эксплуатацыйных характарыстык? Бо гаворка ідзе пра дастаткова дарагое абсталяванне, якое павінна апраўдваць сваю цану. Вы не толькі пра уласны прыбытак павінны думаць, але і пра рашэнне дзяржаўных задач, і пра бяспеку грамадзян", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Міністэрству прамысловасці і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях даручана заняцца гэтым пытаннем.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі штогод капітальна рамантуецца больш за 2% жыллёвага фонду, "не за гарамі дасягненне жаданых 3%". "Быццам бы нядрэнна. Аднак прыкрывацца статыстыкай не варта, таму што асобныя негатыўныя моманты могуць звесці на нішто ўсе заслугі. Людзі павінны ведаць, што яны абавязаныя рабіць сваімі рукамі і што яны павінны рабіць разам з прадстаўнікамі ЖКП і дзяржавай, і што яны не будуць рабіць наогул", — сказаў ён.

Гаворачы пра пітную ваду, Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне забяспечана стопрацэнтная яе даступнасць насельніцтву. "У той жа час захоўваецца праблема яе якасці. 26% пробаў вады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях не адпавядаюць патрабаванням нарматываў па колькасці жалеза. Забяспечанасць станцыямі абезжалезвання па рэспубліцы — 42%. Гэтае пытанне неабходна вырашыць да 2025 года", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт назваў недапушчальнай сітуацыю, калі некаторыя рэгіёны не маюць ачышчальных збудаванняў і да гэтага часу бруд збіраецца на палях фільтрацыі. "Ёсць самыя сучасныя формы ачысткі — укараняйце. Гэтую праблему трэба было вырашаць учора. Таму сёння неадкладна трэба вырашыць гэтыя пытанні. Выкарыстоўвайце перадавы сусветны вопыт, навуку прыцягвайце, шукайце крыніцы фінансавання і дзейнічайце", — даручыў афіцыйны лідар.

Паводле слоў Лукашэнкі, таксама актуальная ў гэтай сферы праблема замены зношаных сетак. "Ад гэтага і звышнарматыўныя страты вады. Некаторыя разумнікі ў рэгіёнах спрабуюць гэтыя страты ўкласці ў сабекошт, беручы грошы і з насельніцтва, і з бюджэту. Ад гэтага ж пакутуе якасць самой вады. Так што гэтую праблему таксама стаўце сабе як прыярытэтную. І калі Анфімаў (старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў. — БелаПАН.) з групай будзе разлічваць у чарговы раз кошт паслуг, тут трэба абрэзаць па самае не магу", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239