Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/20/925891_12345/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:34
20.10.2017 13:43 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка чакае ад вучоных актыўнага ўдзелу ў развіцці ЖКГ

Мінск, 20 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка чакае ад беларускіх вучоных актыўнага ўдзелу ў развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта ён заявіў на рэспубліканскай нарадзе "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны" 20 кастрычніка.

"Без навукі нельга абысціся ні ў адной галіне, і ЖКГ у гэтым плане не выключэнне. Але рэальнасць такая, што навука не ўдзельнічае ў гэтым працэсе ўжо многія гады. Гэта адзіная сфера, у якой склалася такое становішча спраў. Фактычна спецыялісты ЖКГ вырашаюць праблемы навобмацак, выкарыстоўваючы свой асабісты досвед працы. Гэта нядрэнна, але навука павінна штурхаць нас наперад, падказваць шляхі, па якіх мы павінны ісці", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што працэсы, якія адбываюцца сёння ў галіне ЖКГ, не павінны ініцыіравацца спантанна. Кожны крок неабходна дэталёва пралічваць загадзя. "Мы не можам сабе дазволіць выкідваць грошы на сумнеўныя эксперыменты. Кіраўнікам варта ўсведамляць, што за кожны ўкладзены ў вытворчасць дзяржаўны рубель давядзецца даць справаздачу", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Нашае багацце — людзі, кваліфікаваныя кадры. І я не магу зразумець, чаму сёння лепшыя з іх — я маю на ўвазе навукоўцаў — не задзейнічаныя ў развіцці ЖКГ. Думаю, і кіраўніцтву нашай Акадэміі навук трэба заняцца гэтым пытаннем. Гэта датычыцца ўсіх праблем: і тарыфнай палітыкі, і фінансавання, і тэхнічных мерапрыемстваў. Чаму б не ініцыяваць сумесныя праекты, не выкарыстоўваць асобныя прадпрыемствы ў якасці эксперыментальных навуковых пляцовак? Прыдумалі больш эканамічны кацёл — праверце яго на практыцы, вынайшлі новы матэрыял — прапануйце апрабаваць", — зазначыў афіцыйны лідар.

Як паведамлялася 19 кастрычніка са спасылкай на намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Калініна, пры Нацыянальнай акадэміі навук плануецца стварыць інстытут па пытаннях ЖКГ.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН