Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/20/925909_925910/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:32
20.10.2017 14:08 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Задаволенасць людзей паслугамі ЖКГ наўпрост уплывае на сацыяльна-палітычную сітуацыю

Мінск, 20 кастрычніка. "Задаволенасць людзей узроўнем, якасцю, даступнасцю жыллёва-камунальных паслуг наўпрост уплывае на сацыяльна-палітычную сітуацыю і настроі ў грамадстве. Гэта вельмі важна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны".
Яшчэ адна найважнейшая рэч, паводле яго слоў, заключаецца ў тым, што "мы ж даплачваем, датуем жыллёва-камунальныя паслугі, 100% у нас ніхто ЖКП не аплачвае". "Таму лічу, што жыллёва-камунальная сфера — прыярытэт нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў", — заявіў Лукашэнка, словы якога прыводзіць прэс-служба прэзідэнта.

Ён адзначыў, што згодна з дакладам сёння ў галіне зроблена многае ў плане зніжэння сабекошту, павышэння якасці паслуг і развіцця тэхналогій. "Тое, што 66% насельніцтва рэспублікі станоўча ацэньвае працу жыллёва-камунальных службаў у сваім раёне, горадзе, — гэта ўжо нядрэнна. Праўда, я стаўлю пад сумненне, што амаль 70% так задаволеныя або хоць трохі задаволеныя развіццём ЖКГ. Дай бог, каб гэта было так. Але давайце лепш браць пад сумненне, каб лепш працаваць. Не трэба забываць, што амаль трэць апытаных дае ёй негатыўную ацэнку. Па значнасці для насельніцтва гэтыя пытанні займаюць другое месца пасля занятасці. І пакуль у краіне чутная крытыка ў дачыненні да сістэмы, супакойвацца рана", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што найбольшую занепакоенасць у грамадзян выклікае кошт паслуг. Сярод недахопаў у працы галіны, удакладніў ён, таксама называюцца тэрміны капітальнага рамонту дамоў, якасць пітной вады, нездавальняючы стан дарог, дрэннае асвятленне вуліц, утрыманне пад'ездаў і дваровых тэрыторый і іншыя.

Лукашэнка даручыў "дакладна вызначыць межы адказнасці насельніцтва за захаванасць жыллёвага фонду".

"Я ўжо некалькі разоў казаў: нам трэба данесці, паколькі жыллё практычна ўсё прыватызавана, што павінна рабіць насельніцтва, а што павінны рабіць мы. Напрыклад, не будзе ж насельніцтва рамантаваць непасрэдна трубы, па якіх падаецца газ у дамы. Гэта клопат дзяржавы. Не будзе ў агульных дамах карыстання насельніцтва рамантаваць дах, яно можа паўдзельнічаць у гэтым нейкім чынам. Але трэба мець на ўвазе, што не кожны чалавек, нават калі ён прыватызаваў жыллё, можа справіцца з работамі. Розныя людзі ёсць — старыя, інваліды, нямоглыя . Мы ім таксама павінны ў чымсьці дапамагчы", — дадаў ён.

Лукашэнка забараніў ураду павышаць у 2018 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі без узгаднення з ім. "Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзіцца разавае павышэнне тарыфаў толькі на 5 долараў і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад'ёмнымі для народа. У гэтай сувязі ўраду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем прэзідэнта", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі традыцыйна павышаюцца на 5 долараў у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва.

"Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8% і пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10%, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — І гэта прытым, што з лістапада ўсе аб'ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна. Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што несумненна выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І па справе будзе гэты рэзананс. Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэйшыя? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі. Не разумею, вы, губернатары, разам з урадам каму хочаце дагадзіць — сваім людзям або нейкім міжнародным арганізацыям?"

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стопрацэнтнай кампенсацыі кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня". "Мы ні пад каго не павінны падладжвацца. Не забывайце, што галоўны прыярытэт нашай сацыяльнай палітыкі — гэта інтарэсы людзей, а не ведамстваў і розных міжнародных структур", — сказаў ён.

Павысіць тарыфы на паслугі ЖКГ ураду ў ліку іншых мер рэкамендаваў Міжнародны валютны фонд, у якога Беларусь у канцы 2015 года запытала новы крэдыт на 3 млрд долараў. У ліпені 2017 года перамовы па новай крэдытнай праграме былі прыпыненыя. Адным з прынцыповых рознагалоссяў бакоў стала пытанне аб хуткасці павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ для насельніцтва.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН