Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/20/925911_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:37
20.10.2017 13:56 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка: Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі — быць

Мінск, 20 кастрычніка. Выступаючы 20 кастрычніка ў Мінску на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны", Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць размовы аб тым, ці варта захоўваць Міністэрства ЖКГ у яго цяперашнім выглядзе.

"Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі быць, развівацца, станавіцца цэнтрам прыняцця рашэнняў і несці адказнасць за якасць, паўнату і даступнасць усяго спектру жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву. Усялякія размовы пра тое, будзе — не будзе гэтае міністэрства, што мы яго скарачаем, пераносім, пераводзім, трэба спыніць. Гэтае рашэнне — кампетэнцыя прэзідэнта, а сёння міністэрства працуе і будзе працаваць заўтра", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у сферу адказнасці міністэрства ўваходзяць, перш за ўсё, забеспячэнне рэалізацыі дзяржпраграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе", навуковае суправаджэнне галіны, распрацоўка методык, норм і нарматываў, іх укараненне ў практыку, суправаджэнне сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый, планаванне ўсяго галіновага фінансавання — інвестыцыйнага і бягучага.

Аблвыканкамы у сваю чаргу павінны вырашаць пытанні своечасовага і рытмічнага пералічэння бюджэтных субсідый, кантраляваць іх рацыянальнае і мэтавае выкарыстанне, забяспечваць парадак і якаснае абслугоўванне насельніцтва ў рэгіёнах.

"Ураду, мясцовым уладам неабходна старанна падумаць і ўзважыць, што канкрэтна трэба зрабіць для аптымальнага вырашэння абазначаных праблем. Я не магу дапусціць бескантрольнага становішча спраў у жыццёва важнай галіне. Такія сферы, як цеплазабеспячэнне, водазабеспячэнне, капітальны рамонт дамоў, у любым выпадку павінны заставацца пад кантролем дзяржавы", — перакананы Лукашэнка.

Паводле яго слоў, патрабаванні людзей з кожным годам будуць толькі ўзрастаць, асабліва - пры павелічэнні коштаў на паслугі. "Гэта нармальна, так і павінна быць, час не стаіць на месцы", — адзначыў Лукашэнка.

Ён заклікаў удзельнікаў семінара да актыўнай працы па навядзенні парадку ў жыллёва-камунальнай сферы. "Трэба мець канкрэтны план па нармалізацыі працы — і ў кампаніях ,якія на месцах аказваюць паслугі ў сферы ЖКГ, і вам асабіста. Вы, прысутныя ў гэтай зале, з'яўляецеся прадстаўнікамі ўлады ў цэнтры і на месцах. Улада даецца законам, каб энергічна дзейнічаць у інтарэсах дзяржавы, грамадства, асобы, прымаць правільныя кіраўнічыя рашэнні", — сказаў Лукашэнка.

Усё, што абмяркоўвалася на сённяшнім семінары, ён даручыў давесці да ведама кожнага работніка галіны. "З гэтага пачынаецца карпаратыўны дух і гатоўнасць да выканання пастаўленых задач. Бо толькі ад нас саміх залежыць узровень нашага дабрабыту і ўпэўненая будучыня краіны", — падкрэсліў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН